«Полит.ру»: Лукашэнка віншуе каго заўгодна, толькі не Мядзведзева
- 22.09.2010, 14:56
Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца ў канфлікце з расейскім кіраўніцтвам павіншаваў прэзідэнта рэспублікі Малі Амаду Тумані Турэ з 50-годдзем незалежнасці.
Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка. «Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы будзем і далей умацоўваць сяброўскія адносіны і развіваць двухбаковае супрацоўніцтва на карысць нашых краін», - сказана ў заяве Лукашэнкі.
Такім чынам, піша «Полит.ру», беларускі кіраўнік працягнуў серыю дэманстратыўных віншаванняў каго заўгодна і з чым заўгодна, толькі не Дзмітрыя Мядзведзева, якому на мінулым тыдні споўнілася 45. Затое тады замест Мядзведзева Лукашэнка павіншаваў з днём нараджэння гумарыста Петрасяна, а напярэдадні - мэра Масквы Юрыя Лужкова, які ў адкрытую ваюе з адміністрацыяй Мядзведзева за сваё мэрскае крэсла. Тут Лукашэнка, мабыць, дзейнічаў па прынцыпе «вораг майго ворага».
Віншаванні як частка палітычнага этыкету даюць некаторае разуменне таго, як складваюцца стасункі ў элітарных асяроддзях. Адсутнасць віншавання - сігнал незадаволенасці, хаця наяўнасць віншавання, не гаворыць пра задаволенасць.