Някляеў і Раманчук здалі ў ЦВК спісы ініцыятыўных групаў
- 23.09.2010, 19:01
Два апазіцыйныя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта падалі 23 верасня ў Цэнтравыбаркам заявы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў.
Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук, у яго ініцыятыўную групу ўвайшлі 1.423 чалавекі. Заўтра спіс дапоўняць яшчэ каля 100 чалавек.
У першай палове дня дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы падаў лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў.
У ініцыятыўную групу Някляева ўвайшлі 2 тысячы 575 чалавек. Але, як сказаў палітык журналістам, гэта не канчатковая лічба. «Дакументы ЦВК прымае да заўтра, і таму мы маем магчымасць дапоўніць свой спіс. Спіс з прыкладна 150 чалавек мы падамо заўтра», — паведаміў Някляеў.
Тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў завяршаецца 24 верасня ў 19.00. Заўтра заявы ў ЦВК мае намер падаць лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.