BE RU EN

Мы вызвалім Беларусь ад дыктатуры!

  • 24.09.2010, 16:40

Лідар «Еўрапейскай Беларусі», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў звярнуўся да суайчыннікаў.

Дарагія сябры!

Сёння я здаў на рэгістрацыю спіс ініцыятыўнай групы. У ёй каля 2 тысяч чалавек. Перш за ўсё, я хачу падзякаваць усім, хто ўключыўся ў выбарчую кампанію і ўвайшоў у маю ініцыятыўную групу. Гэта наша моладзь, якая заўсёды была на вастрыі пераменаў. Гэта і людзі сталага веку, якім надакучыла такое жыццё, бо іх пазбаўляюць ільгот і выракаюць на жабрацкае існаванне. Гэта вайскоўцы, якім надакучыла, што іх годнасць зневажаюць, і яны хочуць вярнуць павагу да сябе. Гэта прадпрымальнікі, якіх сёння душыць ўлада. Гэта грамадзяне Беларусі з усіх рэгіёнаў, якія хочуць пераменаў.

Не хачу таіць - будзе няпроста. Нам трэба сабраць 100 тысяч подпісаў. Але я ўпэўнены - мы іх збярэм. Будуць запалохванні, ціск, спробы пераканаць людзей. Паведамляйце пра ўсе выпадкі ціску мне і сябрам маёй каманды. Мы павінны быць салідарныя. Лукашэнка сёння на каленях вымольвае крэдыты ў Захада і Усхода. Ён баіцца галоснасці, але мы будзем даводзіць да агульнага ведама ўсе гэтыя факты. Мы абаронім кожнага, хто падтрымае перамены ў Беларусі.

Я таксама хацеў бы падзякаваць паважаным людзям Беларусі, якія падтрымалі мяне. Перш за ўсё, гэта Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч – першы кіраўнік нашай незалежнай дзяржавы. Вялікі гонар, што ён адразу і моцна падтрымаў мяне. Гэта таксама былы старшныя Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь, генерал Грыб, генерал Фралоў, славутыя мастакі Алесь Марачкін і Алесь Шатэрнік, лідары Беларускага Народнага Фронта Юры Хадыка і Віктар Івашкевіч, акадэмікі Радзім Гарэцкі і Аляксандр Вайтовіч і шмат, шмат іншых.

Я ведаю, што мы переможам. Мы пазбавімся ад гэтай дыктатуры, і будзем жыць у нармальнай, дэмакратычнай, еўрапейскай краіне.

Апошнія навіны