BE RU EN

Лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч: Не бойцеся рускіх!

  • 27.09.2010, 18:10

Моладзевы лідар Зміцер Дашкевіч заклікае апазіцыю перастаць баяцца «прарасейскага кандыдата».

«Баяцца прарасейскага кандыдата, тое ж самае, што баяцца ваўкоў і не хадзіць у лес, - піша малады палітык. - Таму ў дадзенай сітуацыі лепш і на выбары не хадзіць, і палітыкай наогул не займацца. Страшна ж: прыйдзе расейскі мядзведзь і ўсіх задзярэ. Дэмакратам трэба зразумець тое, што зразумела любому здароваму чалавеку ў нашай краіне: расейскі ўплыў яшчэ гадоў 50 (і добра, калі толькі 50) будзе адным з вырашальных у грамадска-палітычным жыцці Беларусі.

Адразу пасля краху рэжыму Лукашэнкі сюды прыйдзе Расея. Прыйдзе, каб рэалізоўваць свае нацыянальныя інтарэсы - каб скупіць не скупленыя пры Лукашэнку «прадпрыемствы-монстры» і «ўбудаваць іх у расейскія карпаратыўныя ланцужкі» (згодна з праграмай У. Някляева), каб далей забяспечваць дзяржаўнасць расейскай мове, каб мець буферную зону перад НАТА і г. д., і г. д. Рабіцца ж усё гэта будзе праз нармальныя дэмакратычныя механізмы і інстытуты.

Для паслялукашэнкаўскіх палітычных раскладаў няма ніякай розніцы, чые грошы паўплываюць на вяртанне Беларусі да канстытуцыйнасці: вяртанне гэта будзе ажыццяўляць паэт за расейскія грошы ці галоўны ўзаконьвальнік прастытуцыі за брусэльскія, ці нават санітарка за свае».

Зміцер Дашкевіч прапаноўвае звярнуцца да досведу краін Прыбалтыкі:

«Тлумачыць розніцу паміж самасвядомасцю нашага і прыбалтыйскіх народаў не даводзіцца, але нават там прарасейскія палітычныя сілы дамагаюцца значных перамог. Так, прарасейская «Цэнтрысцкая партыя Эстоніі» кіруе Талінам і на парламенцкіх выбарах заняла другое месца ў парламенце. Прарасейская «Партыя працы» перамагла на парламенцкіх выбарах у Літве ў 2004 годзе, і хаця разбіта эміграцыяй у Расею і пераследам свайго лідара Успанскіх, нішто не перашкаджае аднаўленню прарасейскіх сілаў пад новай «шапкай» і іх перамозе на парламенцкіх выбарах 2012 года.

Прарасейскае аб'яднанне палітычных партый Латвіі «Цэнтр згоды» перамагло на апошніх мясцовых выбарах у Рызе і кіруе сталіцай. Сумесна з яшчэ адной партыяй - «За правы чалавека ў адзінай Латвіі» - прарасейскія сілы стабільна маюць 20% падтрымкі на парламенцкіх выбарах, а на выбарах у Еўрапарламент разам узялі ўсе 30%. І гэта нават пры 15% латвійскіх «неграмадзян».

Наўрад ці многія з тых палітыкаў і палітолагаў, якія так упарта крычаць аб «прарасейскім кандыдаце» і колеры яго грошай, могуць не ведаць паліткухні суседніх краін. Не думаю таксама, што хто-небудзь адмовіўся б узяць пару мільёнчыкаў на звяржэнне гаранта стабільнасці, калі б ім гэта прапаноўвалі еўрапейскай капустай, якая расце не ў Брусэлі, а ў Маскве. І, хутчэй за ўсё, найбольш люта лямантуе пра жахлівыя расейскія грошы як раз той, хто сам вельмі ласы на іх быў бы, ды ці сілёнак малавата іх здабыць, ці мазгоў», - піша лідар «Маладога Фронту».

«Даходзіць да такога маразму, што некаторыя прапаноўваюць падтрымаць у гэтай бойцы кіраўніка трох антыканстытуцыйных пераваротаў. Маўляў, толькі ён абароніць нашы інтарэсы. Калі ж ён сапраўды такі абаронца, дык дзе ён быў гэтыя 16 гадоў? Ці не ён знішчаў і працягвае знішчаць усё святое для беларускага народа - сцяг, мову, храмы? Ці не ён здзяйсняў 16 гадоў сапраўдны генацыд беларускага народа, калі мы дажылі да таго, што на кожны абласны горад прыходзіцца па аднаму беларускамоўнаму школьніку, а бацькоў за жаданне навучаць дзяцей на роднай мове судзяць?! Усё брахня - Лукашэнка ніколі не быў патрыётам Беларусі і ніколі ім не будзе. Гэта - манкурт, у якога няма нічога святога - акрамя сваёй улады. Так, тэарэтычна можа з'явіцца і горшы за Лукашэнку палітык. Але ніхто мне не дакажа, што ў дадзенай сітуацыі паэт або санітарка будуць страшней за яго», - зазначае Зміцер Дашкевіч.

На думку палітыка, «расейскі выклік, як і многія іншыя выклікі, устануць перад намі ў любым выпадку».

«І тады, у адпаведнасці з часам і неабходнасцю мы будзем на іх рэагаваць. Для гэтага і прыдумалі дэмакратычныя працэдуры. І калі мы не здолеем абараніць і адстаяць нацыянальныя інтарэсы Беларусі дэмакратычнымі механізмамі - грош нам усім кошт. Трэба скручваць шарманкі пад назвай «партыі» і «грамадскія рухі» і звальваць, саступіўшы дарогу тым, хто можа і мае жаданне. Калі ж у Беларусі ёсць, акрамя аднаго, палітыкі, здольныя прымаць выклікі і на іх адказваць, давайце кінем вешаць адзін на аднаго цэтлікі. Давайце кожны зоймецца сваёю тактыкай і стратэгіяй, а сустрэнемся усе на Плошчы. А потым разбярэмся і з расейскімі вектарамі, і з заходнімі. Не ведаю як хто, а я перакананы, што на свабодным рынку ідэй мы здолеем не толькі абараніць, але і адрадзіць справу «Беларушчыны». Таму, таварышы-дэмакраты, не бойцеся рускіх. Нікуды яны ад нас не збягуць», - рэзюмуе лідар «Маладога Фронту».

Апошнія навіны