Расейскія СМІ: Ініцыятыўная група Лукашэнкі створаная незаконна
- 28.09.2010, 8:48
Навіна пра гэта прастаяла ўвесь дзень 27 верасня ў ТОП-навінах агенцтва «Расбізнэскансалтынг» і іншых СМІ.
Як паведамляе РБК, Цэнтрвыбаркам Беларусі зарэгістраваў апошняга, 17 кандыдата ў прэзідэнты краіны Аляксандра Лукашэнку з парушэннямі.
Паводле беларускіх законаў, кандыдат павінен асабіста з'явіцца ў Цэнтрвыбаркам, каб зарэгістравацца для ўдзелу. Насуперак заканадаўству, Лукашэнка, як і пяць гадоў таму, не з'явіўся на ўчастак. Замест яго заяўку падаваў кіраўнік яго ініцыятыўнай групы, цяперашні міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.
Тым часам перадвыбарчую кампанію Лукашэнка распачаў з антырасейскіх заяваў. «Крэмль не зможа аказаць уплыву на выбары ў Беларусі», - адзначыў ён. І дадаў, што антыбеларуская прапаганда, якая вялася расейскай прэсай у апошні час, з'яўляецца доказам «бязглуздасці Крамля». «Бо ўвесь гэты бруд згуляў на карысць не ім, а нам. Дай Бог, каб яны бязглузда так паводзілі сябе і надалей», - заявіў беларускі кіраўнік.
Пра тое, што ініцыятыўная група Лукашэнкі рэгістравалася з парушэннем закона, паведамлялі таксама Расейская служба навінаў і агенцтва РІА «Новости».
Яшчэ адзін скандал звязаны з фармаваннем ініцыятыўнай групы самога Лукашэнкі. У невялікім гарадку Маладзечна Менскай вобласці настаўнікаў запісвалі ў ініцыятыўную групу прымусова. А ўзначаліў яе і ўвогуле міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Трэба сказаць, што і большасць выбарчых участкаў знаходзяцца менавіта ў навучальных установах - школах, тэхвучэльнях, універсітэтах. Зараз па школах пусцілі разнарадку, колькі настаўнікаў трэба вылучыць для збору подпісаў за «правільнага» кандыдата. Намеснік дырэктара адной з мясцовых школаў распавёў на ўмовах ананімнасці супрацоўнікам праваабарончага цэнтру «Вясна»: «Выбары зараз прыпадаюць на канец навучальнай чвэрці. У школе гэта заўсёды вельмі напружаны час. Таму "грамадская нагрузка" для настаўніка будзе асабліва недарэчы. Да таго ж настаўнік як ніхто адчувае грамадскія настроі. Таму некаторыя прызнаюцца, што ім сорамна будзе хадзіць па кватэрах вучняў і прасіць іх бацькоў падпісацца за Лукашэнку». Гэтая сітуацыя шырока мусіруецца ў апазіцыйнай прэсе, адзначае часопіс «Эксперт».
Цяперашнія выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 19 снежня 2010 года. Апроч Лукашэнкі, у выбарах удзельнічаюць былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў, паэт Уладзімір Някляеў, эканаміст Яраслаў Раманчук і іншыя. Кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы для ўдзелу ў выбарах неабходна падаць 100 тысячаў подпісаў у сваю падтрымку і дэкларацыю аб даходах да 29 кастрычніка.
Як паведамляе NEWSru.com, у беларускай апазіцыі з'явіліся надзеі на змену рэжыму ў сувязі з жорсткай інфармацыйнай вайной, якую вядзе Лукашэнка з Расеяй. Паводле дадзеных апытанняў грамадскай думкі, насельніцтва краіны таксама гатовае змяніць Лукашэнку на новага лідэра. За яго гатовыя аддаць свае галасы 39% насельніцтва, у той час як 51% хоча галасаваць за новага палітыка ва ўладзе.
Лукашэнка распачаў перадвыбарчую кампанію з антырасейскага выпаду, у той час як апазіцыя прапаноўвае «перазагрузіць» стасункі з Расеяй. Апазіцыянеры прыйшлі да высновы, што паўнавартаснае развіццё краіны немагчымае без падтрымкі РФ, таму яны спрабуюць арыентавацца на мадэль стасункаў з Масквой, якая праводзіцца прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам. Украінскі лідэр абвяшчае рух у Еўразвяз, адначасова паляпшаючы стасункі з Расеяй.