Менчукам прапануюць абмяняць кватэру на «забяспечаную старасць»
- 28.09.2010, 10:59
Старшыня Менгарвыканкама на аператыўнай нарадзе ў мэрыі паставіў задачу ўкараніць рэнтныя адносіны ў сацабслугоўванні.
- Першы аб'ект па рэалізацыі рэнтавых адносін павінен быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2013 годзе. Аб'ект павінен быць разлічаны на 200-300 чалавек, - сказаў Мікалай Ладуцька.
Назва інтэрнату, у якім будуць жыць старыя, якія аддалі дзяржаве сваё жыллё, яшчэ не прыдуманая. Яго называюць пакуль «аб'ект рэнтавых адносін», піша «Камсамольская праўда ў Беларусі».
Ладуцька адзначыў, што камітэт па працы Менгарвыканкама можа выступаць пазычальнікам сродкаў банка або заснавальнікам спецыяльна створанага прадпрыемства, якое возьме сродкі ў банку пад гарантыі Менгарвыканкама. Тэрмін акупляльнасці праекта таксама разлічаны - да 8 гадоў.
Улады Менска ў рэалізацыі праекта будуць абапірацца на вопыт Масквы, дзе яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў прынятая адпаведная праграма, пабудаваны камфартабельны дом для пенсіянераў і інвалідаў, наладжаная сістэма, пры якой масквічы за дадатковыя сацыяльныя льготы перадаюць сваё жыллё дзяржаве.
У Менску пражываюць больш за 20 тыс. адзінокіх людзей, з якіх больш за 11 тыс. маюць ва ўласнасці прыватызаванае жыллё.