Беларусі зноў адмоўлена ў вытворчасці «армянскага каньяка»
- 28.09.2010, 17:18
Улады Арменіі адмаўляюцца абмяркоўваць з беларускімі калегамі магчымасць стварэння ў Беларусі вытворчасці каньяка.
Гэтая тэма сёння ў чарговы раз усплыла на пасяджэнні армяна-беларускай міжведамаснай камісіі, піша АФН.
Як паведаміў міністр гандлю Беларусі Валянцін Чаканаў, на долю армянскага каньяка ў Беларусі прыпадае 38% ад усяго аб'ёму продажаў. Пры гэтым ён адзначыў, што ў цяперашні час у Беларусі вырабляецца малдаўскі каньяк і іншыя каньякі па тэхналогіі гэтых краін.
«Яны паспяхова прадаюцца на рынку. Мы б хацелі, каб тое ж самае было і з армянскім каньяком», - сказаў Чаканаў.
У адказ міністр эканомікі Арменіі Нерсас Ерыцян выказаў няўпэўненасць з нагоды рэалізацыі планаў па адкрыцці ў Беларусі завода і вытворчасці на ім «армянскага канька», паведамляе Panarmenian.net. У якасці контраргумента ён спаслаўся на заканадаўчыя абмежаванні на выкарыстанне назвы «армянскі каньяк».
«Наша грамадскасць актыўна сочыць за такімі працэсамі», - дадаў Ерыцян.
Варта адзначыць, што армянская грамадскасць ужо выказала сваё меркаванне па дадзеным пытанні.