BE RU EN

«Нямецкая хваля»: Лукашэнка выйшаў з даверу

  • 29.09.2010, 9:33

Страх страціць уладу ў Лукашэнкі нашмат мацней за небяспеку, што вынікі выбараў не будуць прызнаныя.

Як перадае «Нямецкая хваля», Цэнтравыбаркам Беларусі зарэгістраваў амаль усе ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Лаяльнасць ЦВК выклікала водгукі аб беспрэцэдэнтным лібералізме цяперашняй кампаніі. Але публічныя выступы Аляксандра Лукашэнкі сведчаць пра тое, што і на 17 годзе свайго кіравання ўладу ён аддаваць не збіраецца.

Ролевая гульня

На першым этапе прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі ў барацьбу супраць каманды Аляксандра Лукашэнкі ўступілі 16 апанентаў, 8 з якіх прадстаўляюць беларускую апазіцыю. 8 іншых патэнцыйных удзельнікаў выбараў раней асаблівай палітычнай актыўнасці не праяўлялі. Тым не менш, сёння на пасаду кіраўніка дзяржавы разам з апазіцыйнымі лідэрамі прэтэндуюць яшчэ ўчора нікому не вядомыя пенсіянеры, прадпрымальнікі і нават былы працаўнік агародніннай фабрыкі.

Некаторыя эксперты тлумачаць гэтыя самавылучэнні адсутнасцю страху ў грамадстве. Зрэшты, ужо ў хуткім часе высветліцца, хто насамрэч з'яўляецца супернікам улады, а хто гэтую карту ўмела разыгрывае, ствараючы паралельныя структуры для імітацыі канкурэнцыі.

Сакрэт Палішынэля

Каманда беларускага лідэра значна вылучаецца з усіх 17 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў. Выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі, які ідзе на чацвёрты тэрмін, узначальвае міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Ён з'яўляецца таксама старшынём самага шматлікага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь».

Гэта значыць, што ў зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Лукашэнкі будуць прымаць актыўны ўдзел чальцы гэтай фактычна партыі ўлады. Бо створаная з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу ў 2004 годзе, напярэдадні рэферэндуму аб змене канстытуцыі, «Белая Русь» сёння сабрала ў сваіх шэрагах больш за 100 тысячаў чалавек. Галоўным чынам - кіраўнікоў і дзяржслужачых на тэрміновых кантрактах.

У гэтым і хаваецца сакрэт, чаму да барацьбы за прэзідэнцкае крэсла на першым этапе так проста дапусцілі амаль усіх ахвотнікаў. Апазіцыянеры не змогуць збіраць подпісы за сваіх кандыдатаў на прадпрыемствах - туды іх проста не пусцяць адказныя за ідэалагічную працу. Затое прадстаўнікам «Белай Русі» не будзе чыніцца ніякіх перашкодаў.

Перад актывістамі гэтага прадзяржаўнага аб'яднання з дапамогай тых жа ідэолагаў нават у працоўны час будуць адкрыты любыя дзверы. А супрацоўнікаў розных установаў пад страхам звальнення, як і студэнтаў пад страхам выключэння з вну, проста абавяжуць у чарговы раз падтрымаць вылучэнне ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.

Гэты немудрагелісты ход спрацоўваў падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў, спрацуе і цяпер. Так што «нябачаны лібералізм», праяўлены Цэнтравыбаркамам пры рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, пра што заявіў сакратар ЦВКМікалай Лазавік, хутчэй за ўсё, гэтай заявай і абмяжуецца.

Аднойчы зманіўшы...

Графік прэзідэнцкай кампаніі звярстаны вельмі шчыльна. Зараз ідзе працэс фарміравання тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў. Цалкам можа апынуцца, што апратэстоўваць адсутнасць у складзе камісіяў апанентаў уладаў проста не будзе калі. Таму што ўсе сілы апазіцыі будуць кінутыя на збор 100 тысячаў подпісаў за вылучэнне некалькіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Подпісы трэба сабраць таксама і ў запас, на той выпадак, калі 15 адсоткаў іх не будуць прызнаныя Цэнтравыбаркамам.

Непрызнанне часткі подпісаў - гэта таксама адзін з адміністрацыйных рычагоў, якія можа ўжыць улада, рэгулюючы колькасць супернікаў Аляксандра Лукашэнкі і захоўваючы пры гэтым бачнасць канкурэнцыі. Адміністрацыйны рэсурс зусім не страціў сваю сілу. І хоць афіцыйны Менск падышоў да перадвыбарчага марафона не ў лепшай форме з-за канфлікту з Масквой, страх страціць уладу ў Лукашэнкі нашмат мацней за небяспеку, што вынікі выбараў не будуць прызнаныя міжнароднай грамадскасцю.

Таму, у якую б ліберальную вопратку ні прыбіралася ўлада, яе рапарты аб свабодных і справядлівых выбарах не выклікаюць даверу. І калі кіраўнік дзяржавы заяўляе, што «ключы ад выбараў ляжаць у кішэнях народа», гэта не што іншае, як сігнал чыноўнікам на месцах - прэзідэнту патрэбная чарговая «элегантная перамога».

Апошнія навіны