У Менск паклікалі больш за сотню журналістаў з Расеі
- 29.09.2010, 13:58
Незалежна ад таго, добра ці дрэнна напішуць прадстаўнікі расейскай прэсы, сітуацыя ў беларуска-расейскіх адносінах не зменіцца.
Беларускія ўлады наладзілі чарговы прэс-тур для прадстаўнікоў расейскіх СМІ, падвоіўшы на гэты раз колькасць запрошаных у краіну журналістаў, паведамляе АФН.
Прэс-тур прадоўжыцца 3 дні, пасля чаго беларускія ўлады спадзяюцца кардынальна змяніць сітуацыю, якая склалася на расейскім медыйным рынку, агучаную адным з удзельнікаў гэтага агітацыйна-прапагандысцкага мерапрыемства «Аб Беларусі ў нас цяпер не прынята пісаць добра».
Зрэшты, незалежна ад таго, што напішуць запрошаныя прадстаўнікі расейскай прэсы ў сваіх справаздачных нарысах - добра ці дрэнна, сітуацыя ў беларуска-расейскіх адносінах не зменіцца: кошты на газ і нафту не знізяцца, а міністр фінансаў Аляксей Кудрын не адновіць выдачу дзяржкрэдытаў па льготнай працэнтнай стаўцы братэрскай краіне.
Не паўплываюць справаздачныя рэпартажы і на грамадскае меркаванне ў Расеі - ніякімі казкамі пра нізкія кошты ў Беларусі і каўбасу з сапраўднага мяса ўжо не перабіць негатыў, выкліканы дзеяннямі беларускіх уладаў, і ў першую чаргу Лукашэнкам.