Менгарвыканкам зноў забараніў «Бой падушкамі»
- 3.09.2010, 15:18
На мінулай падобнай акцыі былі затрыманыя дзясяткі чалавек.
Менскія ўлады адмовілі арганізатарам акцыі «Бой падушкамі», якая планавалася на 8 верасня з нагоды гістарычнай падзеі - Бітвы пад Оршай, паведамляе «Радыё Рацыя».
Грамадскі актывіст Андрэй Кім падаваў заяўку на правядзенне акцыі ў парку імя Янкі Купалы і атрымаў адказ з подпісам намесніка старшыні Менгарвыканкама.
-- Падстава была вельмі простая: Міхаіл Ціцянкоў сказаў, што ён гэтае мерапрыемства не разумее, яно бязглуздае, таму ён яго забароніць. І дадаў, што афіцыйнай прычынай адмовы будзе тое, што нібыта праводзіцца цеплатраса. Цеплатраса, натуральна, праводзіцца за паўкіламетра ад гэтага месца, там ніякіх прыпынкаў няма, і яна не можа перашкодзіць. Плюс да таго мы падалі заяўку яшчэ ў тры месцы адразу пасля яго адмовы, таксама ў іх адмоўлена па надуманых прычынах.
Арганізатары «бою падушкамі» маюць намер усё ж правесці акцыю 8-га верасня ў змененым фармаце. У мэтах бяспекі час і месца публічна, вырашана, не паведамляць. На мінулай падобнай акцыі, прысвечанай Грунвальдскай бітве, былі затрыманыя дзясяткі чалавек, а арганізатар Андрэй Кім быў затрыманы і аштрафаваны.