Вярхоўны суд «не ацэньвае перспектываў» смяротнага пакарання
- 30.09.2010, 10:18
Смяротнае пакаранне і пажыццёвае зняволенне ў Беларусі ўжываюцца ў адзінкавых выпадках, лічаць у ВС.
Пра гэта заявіў журналістам у Менску намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валеры Калінковіч, перадае «Інтэрфакс-Захад».
«Смяротнае пакаранне і пажыццёвае зняволенне з'яўляюцца выключнымі мерамі пакарання, і ўжываюцца ў Беларусі ў выключных выпадках», - паведаміў В. Калінковіч.
«У Крымінальным кодэксе Беларусі пакаранне смерцю і пажыццёвае зняволенне пазначаныя як выключныя меры пакарання», - патлумачыў ён. Па словах намесніка старшыні Вярхоўнага суда, «у Беларусі ў 2010 годзе да смяротнага пакарання былі прысуджаныя 3 чалавекі, а да пажыццёвага зняволення прысуджаныя менш за 10 чалавек».
Адказваючы на пытанне аб перспектыве ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі, Калінковіч адзначыў, што Вярхоўны суд «не ацэньвае гэтых перспектываў».