Прэзідэнт Еўрапарламента: «Алег Бябенін змагаўся за дэмакратычную Беларусь»
- 5.09.2010, 14:08
Ежы Бузек выказаў занепакоенасць у сувязі з гібеллю заснавальніка сайта charter97.org Алега Бябеніна.
Прэзідэнт Еўрапарламента заклікаў улады Беларусі правесці аб'ектыўнае расследаванне абставінаў гібелі беларускага журналіста, паведамляюць сёння польскія СМІ.
«Я глыбока ўзрушаны гэтай трагічнай падзеяй у Беларусі. Заклікаю беларускія ўлады правесці поўнае і празрыстае расследаванне справы аб смерці Алега Бябеніна, якое высветліць усе абставіны яго трагічнай гібелі», - заявіў Ежы Бузек.
Кіраўнік Еўрапарламента адзначыў, што Бябенін змагаўся «за пабудову больш дэмакратычнай Беларусі».
Нагадаем, што цела заснавальніка і кіраўніка сайта charter97.org Алега Бябеніна было знойдзена павешаным 3 верасня на яго лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак калегі журналіста паведамляюць, што смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават у даце наступлення смерці журналіста. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Ён быў поўны планаў. У журналіста засталіся жонка і два сыны. Ён быў асноўным удзельнікам каманды апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.