«Известия»: Дзіўнае самагубства
- 6.09.2010, 12:33
Смерць Алега Бябеніна выклікае ўсё больш пытанняў.
Як пішуць «Известия», сёння ў Менску пройдзе грамадзянская паніхіда па журналісце Алегу Бябеніну, заснавальніку апазіцыйнага сайта charter97.org, які быў знойдзены мёртвым у сваім загарадным доме. Яго гібель - пры вельмі дзіўных абставінах - выклікала масу пытанняў. У версію следства - самагубства - калегі Алега не вераць.
Журналіста выцягнулі з пятлі ўвечары 3 верасня - у яго дачным доме пад Менскам. Побач ляжаў перакулены зэдлік. У той час Алег Бябенін быў ужо мёртвы. Напярэдадні ён перастаў адказваць на званкі і жонка сур'ёзна занепакоілася.
Як паведамілі ў абласной міліцыі, на целе загінулага «не было знойдзена слядоў барацьбы», а суседзі па лецішчы не бачылі ў той дзень незнаёмых. Таму аператыўнікі паспяшаліся агучыць «асноўную версію» - самагубства. Прычым яшчэ да таго, як з'явіліся першыя высновы судмедэкспертаў. Пазней да расследавання падключылася Генпракуратура, але і там кажуць: хутчэй за ўсё, Бябенін добраахвотна пайшоў з жыцця.
А вось калегі журналіста - заснавальніка і кіраўніка аднаго з вядучых апазіцыйных парталаў Беларусі «Хартыя-97» - адмаўляюцца верыць у яго самагубства. Занадта ўжо гэта неверагодна, ды і абставіны смерці падазроныя. Алег не пакінуў ніякай запіскі і ўвогуле збіраўся з сябрамі ў кіно - пра гэта кажуць апошнія СМС. Галоўнае - у Бябеніна не было ніякіх прычынаў зводзіць рахункі з жыццём, упэўненыя тыя, хто добра ведаў журналіста. У Алега засталіся жонка і два сыны, якіх ён вельмі любіў. Зусім нядаўна яны ўсёй сям'ёй адпачывалі ў Грэцыі. Са здароўем таксама ніякіх праблемаў. Алегу Бябеніну было ўсяго 36.
«Вядома, у кожнага з нас можа быць сітуацыя, калі хочацца кінуцца з моста або залезці ў пятлю. Але калі ў чалавека застаецца сям'я, за якую ён нясе адказнасць, самагубства малаверагоднае, - падзяліўся з «Известиями» беларускі палітолаг Аляксандр Фядута, што некалі працаваў з Бябеніным у газеце «Імя». - Алег заўсёды быў спакойным, стрыманым чалавекам. Версія самагубства мае такое ж права на існаванне, як і версія забойства. Следства дапусціла памылку, паспяшаўшыся агучыць адзіную версію».
Не верыць у яе і паплечнік загінулага апазіцыянера, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Раней ён абвясціў, што гатовы балатавацца ў прэзідэнты, і Бябенін павінен быў узначаліць перадвыбарчы штаб палітыка. «Мы сустракаліся кожны дзень, у нас былі вялікія планы», - паведаміў Саннікаў. Сам Бябенін распавядаў калісьці, што ў далёкім 1997-м яго выкралі невядомыя: вывезлі ў лес і пагражалі «паказаць усім, як трэба паводзіць сябе з уладамі».