BE RU EN

Дакладчык ПАРЕ: Неабходнае поўнае расследаванне смерці беларускага журналіста

  • 7.09.2010, 16:50

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы будзе пільна сачыць за падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па Беларусі Сініка Хурскайнэн выказала занепакоенасць у сувязі са смерцю журналіста Алега Бябеніна і заклікала беларускія ўлады правесці поўнае і празрыстае расследаванне прычынаў яго смерці.

«Узнікае пытанне адносна абставінаў яго гібелі, і я спадзяюся, што ўлады правядуць поўнае, празрыстае і вычарпальнае расследаванне гэтага трагічнага выпадку», - сказала Хурскайнэн.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе ПАРЕ, пра гэта кажацца ў спецыяльнай заяве дакладчыка.

Хурскайнэн адзначыла, што ПАРЕ будзе ўважліва сачыць за ходам расследавання і за ўсімі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. «Асабліва гэта датычыць свабоды прэсы і свабоды палітычных правоў грамадзянаў», - падкрэсліла яна.

Дакладчык ПАРЭ выказала глыбокія спачуванні сям'і і блізкім Бябеніна.

Апошнія навіны