Жонка Някляева хоча даведацца, чаму праслухоўваюць ейны тэлефон
- 11.01.2011, 16:43
Вольга Някляева, жонка кандыдата ў прэзідэнты, падае тры скаргі - у Менскі гарадскі суд, Генпракурору і ў КДБ.
Яна патрабуе высветліць, на якой падставе праслухоўваецца ейны тэлефон. Нагадаем, што частка гэтых тэлефонных перамоваў была агучаная па тэлебачанні ў прапагандысцкім фільме "Плошча. Жалезам па шкле".
Другое патрабаванне Някляевай тычыцца беспрычыннага, на яе погляд, затрымання мужа. Жанчына заяўляе, што Уладзіміру Някляеву пры затрыманні не прад'явілі абвінавачванняў. Дарэчы, парушэнні правоў Някляева працягваюцца да гэтага часу. Яго адвакат Тамара Сідарэнка з 29 снежня не можа сустрэцца са сваім падабаронным.
Як паведаміла Някляева ў прамым эфіры Еўрарадыё, у КДБ у яе адмовіліся прымаць скаргу, паколькі яна, маўляў, не была адрасаваная асабіста старшыні Камітэта Вадзіму Зайцаву.