BE RU EN

Томас Меліа: Санкцыі будуць кропкавымі

  • 24.01.2011, 18:04

Любыя санкцыі, якія будуць прынятыя супраць дзяржаўных чыноўнікаў і дзяржаўных прадпрыемстваў, будуць накіраваныя толькі на тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях і душыў свабоду ў Беларусі.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа. "Яны не будуць ні ў якім выпадку накіраваныя супраць беларускага народа. І вельмі шмат цяпер робіцца для таго, каб гэтыя санкцыі былі вельмі кропкавымі", - цытуе яго Радыё Свабода.

«Мы каардынуем сваё стаўленне і магчымыя дзеянні з Еўразвязам і, магчыма, сваё рашэнне аб'явім 31 студзеня, калі і Еўразвяз», - сказаў Меліа, перадае РІА "Новости".

На пытанні журналістаў, што неабходна зрабіць беларускім уладам, каб пазбегнуць санкцый, высокапастаўлены амерыканскі дыпламат заявіў наступнае: "Вызваліць усіх, хто знаходзіцца ў турмах пасля падзей 19 снежня. Зняць усе абвінавачванні з іх і з тых, хто не знаходзіцца ў зняволенні".

У пачатку сваёй прамовы намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа падкрэсліў, што ён прыляцеў у Беларусь па асабістым даручэнні дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан. У Беларусі ён правёў тры дні.

Меліа паведаміў, што ў межах цяперашняга візіту ён 22 студзеня сустрэўся з супрацоўнікамі ўпраўлення Амерыкі і ўпраўлення гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Беларусі. Міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў і ягоны намеснік на сустрэчы не прысутнічалі. Аднак, па словах прадстаўніка Дзярждэпартамента, у ходзе перамоваў ён перадаў кіраўніцтву МЗС, што паляпшэнне адносінаў ЗША з афіцыйным Менскам залежыць ад вызвалення палітвязняў і зняцця з іх і шэрагу іншых беларускіх грамадзян палітычна матываваных абвінавачванняў.

У Менску Томас Меліа таксама сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, праваабаронцамі, сем'ямі палітзняволеных.

"Мы ніколі не даведаемся рэальных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі"

"Мы ніколі не даведаемся рэальных вынікаў падліку галасоў па выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня", - заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа на сустрэчы з журналістамі ў Менску 24 студзеня.

На думку Меліа, "у заяве БДІПЧ АБСЕ змяшчаецца ясная інфармацыя наконт таго, што тычыцца падліку галасоў. І той факт, што іх місія была завершаная датэрмінова урадам Беларусі, вельмі ясна кажа аб тым, што ўрад Беларусі не хацеў, каб гэтыя пытанні вырашыліся".

31 снежня сталы прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Аляксандр Сычоў праінфармаваў удзельнікаў Сталага савета АБСЕ аб тым, што беларускі бок прыняў рашэнне аб непадаўжэнні мандата офіса АБСЕ ў Менску.

20 снежня ў Менску было апублікаванае заключэнне міжнародных назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і Парламенцкай асамблеі АБСЕ, паводле якога прайшлі ў Беларусі, прэзідэнцкія выбары не адпавядалі стандартам АБСЕ.

Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Томас Меліа 24 студзеня сустрэўся ў Менску з беларускімі праваабаронцамі

Як паведаміў БелаПАН юрыст Валянцін Стэфановіч, сустрэча доўжылася больш за гадзіну. Па ягоных словах, праваабаронцы распавялі Томасу Меліа аб сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, а таксама пра ціск уладаў не толькі на грамадзянскіх актывістаў, але і на адвакатаў, якія абараняюць затрыманых 19-20 снежня 2010 года ў Мінску.

"У размове з намі Меліа падкрэсліў, што ягоны візіт да праваабаронцаў носіць не толькі працоўны характар. Ён адзначыў, што адна з мэтаў - выказаць нам падтрымку і салідарнасць", - сказаў Стэфановіч.

Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША знаходзіцца з візітам у Менску з 22 па 25 студзеня. Як паведамілі ў амбасадзе ЗША, мэта візіту - атрымаць інфармацыю з першых рук "аб сітуацыі ў Беларусі пасля сілавых дзеянняў, якія рушылі за падзеямі 19 снежня".

Злучаныя Штаты Амерыкі падтрымалі рэзалюцыю Еўрапарламента аб неадкладным увядзенні санкцый у дачыненні кіраўніцтва Беларусі ў сувязі з яго рэакцыяй на выступы апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Апошнія навіны