BE RU EN

ЗША не пакінуць Беларусь сам-насам з дыктатарам

  • 7.01.2011, 9:58

6 студзеня ў Дзярждэпартаменце ЗША адбылася сустрэча дзяржсакратара Хілары Клінтан з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

На сустрэчы прысутнічалі: лідэр грамадзянскай ініцыятывы "Мы памятаем" Ірына Красоўская, дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда і прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША: адвакат Алеся Кіпель, супрацоўнік Міжнароднага валютнага фонду Ірына і сябра Рады БНР Алеся Сёмуха.

Галоўнай тэмай абмеркавання стала сітуацыя ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 снежня, і наступная хваляй рэпрэсій супраць лідэраў дэмакратычных сіл краіны, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

У гутарцы было закранута мноства тэм: ад асабістага вопыту Наталлі Каляды, якая была арыштаваная на плошчы 19 снежня, і тэхналогій прэсінгу беларускіх уладаў на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, да стратэгіі ціску Злучаных штатаў на беларускі ўрад. У прыватнасці, гаварылася аб тым, што забарона на ўезд чыноўнікам у краіны Еўразвяза з'яўляецца занадта мяккай мерай па адносінах да людзей, якія праводзяць масавыя рэпрэсіі супраць свайго народа. Асаблівая ўвага была нададзеная аналізу механізмаў эканамічнага ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасці на нафтахімічную прамысловасць і сферу фінансаў.

Удзельнікі гутаркі выказалі адназначнае меркаванне, што, у кантэксце пашырэння спектру рэпрэсій у Беларусі, тэма безумоўнага вызвалення палітвязняў павінная мець абсалютны прыярытэт пры перамовах з урадам Лукашэнкі. Без безумоўнага вызвалення палітвязняў ніякія дамоўленасці з беларускім рэжымам не могуць мець сваёй сілы.

Напрыканцы размовы бакі закранулі тэмы дапамогі суб'ектам грамадзянскай супольнасці Беларусі. Прыярытэты тут былі вызначаныя, зыходзячы з мінулай размовы: падтрымка рэпрэсаваных і іх сем'яў, незалежных СМІ, адлічаных з ВНУ студэнтаў, эфектыўных грамадскіх арганізацый.

Падрабязнасці размовы з дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан вы зможаце прачытаць у інтэрв'ю Наталлі Каляды сайту Хартыі'97 пасля завяршэння ейнага візіту ў Вашынгтон, дзе сёння і заўтра прадугледжаныя сустрэчы ў Кангрэсе ЗША і з прадстаўнікамі палітычнай эліты Амерыкі.

Апошнія навіны