Свабодныя прафсаюзы на заводы не пускаюць
- 20.10.2011, 10:09
Прадстаўнікам суполкі Свабоднага прафсаюза на ААТ «Полацк-Шкловалакно» не даюць магчымасці падпісаць калектыўную дамову ад імя сваіх сябраў.
Па сцвярджэнні прадстаўнікоў дырэктарата, ад імя ўсіх працаўнікоў дадзенага прадпрыемства дамову падпісваюць выключна кіраўнікі афіцыйнага Белхімпрафсаюза, які ўваходзіць у ФПБ, паведамляе ПЦ «Вясна».
Па словах кіраўніка СПБ Віктара Стукава, сябар СПБ Мікола Шарах уваходзіў у камісію па падрыхтоўцы калектыўнай дамовы на прадпрыемстве, на якой агучыў шэраг прапановаў, што ўвайшлі пасля ў канчатковы тэкст дамовы. Аднак да падпісання дакумента прадстаўнікі СПБ дапушчаныя не былі.
Стукаў звязвае нежаданне дырэктарата бачыць подпіс СПБ на дамове з артыкулам № 24 Закона аб прафсаюзах, якая гарантуе прафсаюзным актывістам пэўную абарону ад звальнення ў выпадку рознагалосся з кіраўніцтвам прадпрыемства. Аднак дадзены артыкул прымяняецца толькі ў тым выпадку, калі пэўны прафсаюз з'яўляецца ўдзельнікам калектыўнай дамовы.