BE RU EN

Анархіста Дзядка этапавалі з Магілёўскай калоніі?

  • 21.10.2011, 9:32

Праваабаронцы Крысціне Шацікавай вярнуўся грашовы перавод, які яна пасылала анархісту Мікалаю Дзядку ў магілёўскую папраўчую калонію № 15.

Прычынай названая адсутнасць атрымальніка.

«Я пасылала Мікалаю Дзядку 100 тысяч рублёў 26 верасня. А сёння мне прыйшла квітанцыя аб вяртанні пераводу. У электронным талоне ў графе «службовая адзнака» напісана: «Вяртанне пераводу. Папраўчая калонія № 15. У сувязі з адсутнасцю (вызваленнем) атрымальніка». Што гэта азначае, я не ведаю. Магчыма, яго перавялі з Магілёва ў іншае месца. Заўтра збіраюся наведаць адміністрацыю калоніі», - распавяла Крысціна Шацікава «Радыё Свабода».

Нагадаем, што Мікалая Дзядка асудзілі на 4,5 гады ўзмоцненага рэжыму па справе аб нападзе на амбасаду Расеі. Ён прызнаны беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітвязнем. Апошні раз Мікалай Дзядок тэлефанаваў з калоніі сваякам у канцы мінулага тыдня. Ён паведаміў, што арыштанта гэтай калоніі, актывіста незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўгена Васьковіча этапавалі з яе ў іншую турму.

Апошнія навіны