Карэспандэнта «Московского комсомольца» выслалі з Беларусі
- 26.10.2011, 1:05
(абноўлена) Журналіст «МК» Ігар Кармазін прыехаў у Менск пісаць рэпартаж пра беларускіх палітвязняў.
Карэспандэнт «Маскоўскага камсамольца» сустрэўся з палітвязнямі Мікітам Ліхавідам і Ірынай Халіп, жонкай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
У 01.00 па менскім часе Ігар Кармазін паведаміў сайту charter97.org, што яго дэпартуюць з Беларусі.
Апынулася, што адразу пасля інтэрв'ю з Ірынай Халіп Ігар Кармазін паспеў зрабіць усяго 10 крокаў ад месца сустрэчы, як да яго падышлі двое мужчын у цывільным са словамі «Праходзьце з намі». Журналіст папрасіў іх прадставіцца, але яны не прадставіліся і пацягнулі яго да аўтамабіляў, прыпаркаваных непадалёк. Кармазіна адвезлі ў Партызанскае РУУС Менска, дзе абшукалі, сцерлі ўсе запісы з дыктафона, знялі адбіткі пальцаў і спрабавалі дапытваць на тэму, пра што журналіст размаўляў з Халіп.
У рэшце рэшт, расейскаму журналісту ўручылі паперу за подпісам намесніка начальніка Партызанскага РУУС Аляксандра Гладуна, у якой напісана, што Кармазіну забараняецца на працягу года ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Калі журналіст ўсё ж заедзе, то яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. У пашпарце Кармазіна нават паставілі адпаведны штамп.
Журналіста пад канвоем даставілі на вакзал.
«Я прыехаў у Менск пісаць артыкул пра рэпрэсіі ў Беларусі, але нават не думащ, што мне так палегчаць працу, што на працягу некалькіх гадзін я ўсё пабачу на ўласныя вочы і адчую на ўласнай шкуры», - пракаментаваў сайту charter97.org тое, што адбылося Ігар Кармазін.