У Малчанава прайшоў другі ператрус за суткі
- 28.10.2011, 10:05
27 кастрычніка да шасці вечара працягваўся другі за суткі ператрус у доме Аляксандра Малчанава.
Першы міліцыянты правялі ўначы, адразу пасля затрымання былога палітвязня. А другі, санкцыянаваны пракурорам, здзяйсняўся ўжо пасля таго, як Барысаўскі суд вынес рашэнне аб дзесяці сутках арышту для Аляксандра.
Як паведаміла ПЦ «Вясна» маці Аляксандра Галіна Андрэеўна Малчанава, «зіноў перавярнулі ў доме ўсё. Што шукалі, зусім не зразумела. Забралі паштоўкі салідарнасці, якія Сашы дасылалі ў турму. Больш нічога. Кампутар яны забралі яшчэ ўначы».
Галіне Андрэеўне больш за семдзесят гадоў, яна цяжка хварэе і, акрамя таго, мае праблемы з сэрцам. Зараз яна вельмі ўсхваляваная падзеямі, што адбыліся за апошнія суткі. Таму дзеянні міліцыі можна расцэньваць як наўмысны ціск на жанчыну.