У Гомелі затрыманы маладафронтавец Андрэй Цянюта
- 4.10.2011, 14:45
У Гомелі 4 кастрычніка затрыманы актывіст моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Андрэй Цянюта.
Ягоны знаёмы Зміцер Карашкоў прыкладна ў 11.00 сустракаўся з Цянютам каля абласной бібліятэкі на плошчы Перамогі. Да іх падышлі супрацоўнікі АМАПа, папрасілі прад'явіць мабільныя тэлефоны. «Яны патлумачылі, што шукаюць скрадзеныя мабільныя тэлефоны. Праверыўшы тэлефоны, супрацоўнікі АМАПа запатрабавалі прад'явіць да агляду нашыя заплечнікі. У Андрэя яны знайшлі расцяжку «Свабоду Дашкевічу» і затрымалі яго», - распавёў Карашкоў БелаПАН. Па ягоных словах, актывіста даставілі ў Чыгуначнае РАУС.
Сябар Цянюты Сяргей Саладухін дадаў, што ён чакаў Андрэя каля ягонага дома на плошчы Перамогі. Замест Цянюты да яго падышлі супрацоўнікі АМАПа, якія заявілі, што шукаюць злачынцу і, магчыма, Саладухін падобны да такога. «Яны абшукалі мяне, перапісалі дадзеныя з пашпарта, некуды патэлефанавалі і потым адпусцілі», - заявіў Солодухин.
30 верасня Цянюта вызваліўся з ІЧУ, дзе адбываў 10-сутачны арышт і трымаў галадоўку.