BE RU EN

Анархісты прызнаныя палітвязнямі

  • 5.10.2011, 15:21

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі Камітэт прызналі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіч палітычнымі зняволенымі дзеючага ў Беларусі рэжыму.

Да такой высновы праваабаронцы прыйшлі на падставе адмыслова праведзенага аналізу так званай «Справы анархістаў».

Паводле заключэння БХК, дадзенае рашэнне грунтуецца на падставе наступных высноваў:

1. Папярэдняе следства па крымінальнай справе суправаджалася сур'ёзнымі працэсуальнымі парушэннямі, у тым ліку правоў асуджаных. Сярод іх: адвольныя затрыманні, парушэнне тэрмінаў і працэдур затрымання, якія ўсталяваныя Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі, парушэнне права на абарону, парушэнне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці і інш. Затрыманне І. Аліневіча ў г. Маскве і ягонае перамяшчэнне ў СІЗА КДБ у г.Менск ажыццяўляліся з грубымі парушэннямі ўсталяваных працэдур, у тым ліку працэдуры экстрадыцыі грамадзян з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ў Беларусь.

Асуджаныя І. Аліневіч, М. Дзядок, А. Францкевіч падчас судовага працэсу заяўлялі аб тым, што ў дачыненні да іх падчас папярэдняга следства выкарыстоўваліся незаконныя дзеянні: псіхалагічны ціск і катаванні. Аб прымяненні да іх катаванняў заявілі ў судовым разглядзе і шэраг сведкаў, якія адмовіліся ад сваіх паказанняў, дадзеных імі на папярэднім следстве (К. Коўка, А. Жынгероўскі, І. Багачак, А. Бугаеў, С. Слюсар). Дадзеныя абставіны ў ходзе папярэдняга следства і судовага разгляду з належнай паўнатой не правяраліся і ім не дадзеная прававая адзнака.

2. У ходзе судовага працэсу парушаўся прынцып роўнасці бакоў па прадстаўленні доказаў. Грубыя парушэнні правоў асуджаных даюць падставу сцвярджаць, што разгляд справы ў судзе не быў аб'ектыўным, поўным і ўсебаковым, а вынесены прысуд - неабгрунтаваны і незаконны. Прысуд, які адбыўся пры такіх абставінах, павінен быць адменены, а справа - накіраваная на новы разгляд.

3. Памяшканне пад варту І. Аліневіча, М. Дзядка, А. Францкевіча, іх асуджэнне да гэткіх доўгіх, відавочна неадэкватных тэрмінаў пазбаўлення волі, пры несправядлівым разглядзе «відавочным чынам звязанае з палітычнымі матывамі ўладаў».

4. РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт», эксперты праваабарончай супольнасці Беларусі па выяўленых аб'ектыўных крытэрах лічаць Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, палітычнымі зняволенымі дзеючага ў Беларусі рэжыму.

Апошнія навіны