Размову Статкевіча з адвакатам мадэраваў кантралёр
- 6.10.2011, 13:07
Кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч змог пагаварыць з адвакатам праз шкло з выкарыстаннем перамоўнай слухаўкі і ў прысутнасці кантралёра.
Сустрэча адбылася 5 кастрычніка ў Шклоўскай калоніі, дзе адбывае пакаранне асуджаны па справе 19 снежня палітык.
У размове з карэспандэнтам газеты «Салідарнасць» жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч дадала, што кантралёр мадэраваў размову асуджанага з адвакатам і перыядычна выключаў гук.
- Гэта грубае парушэнне права на бесперашкодныя зносіны з адвакатам, - дадала Марына Адамовіч. - У адпаведнасці з заканадаўствам сустрэча з прадстаўнікамі абароны павінная праходзіць адзін на адзін.
Як перадаў Марыне Адамовіч адвакат, Мікалай Статкевіч выглядае нармальна, траўмаваная на лесапільні ў калоніі рука гоіцца, хоць з суставам застаюцца праблемы. Да 28 верасня Статкевіч быў вызвалены ад працы, пасля гэтага яго перавялі на тую ж пільню на больш лёгкую працу.
- Магчыма, ён цяпер цягае ня бярвенні, а дошкі, - мяркуе жонка палітвязня.
Падставай для сустрэчы з адвакатам стала напісанне нагляднай скаргі.
Праз адваката Статкевіч папрасіў падзякаваць усім, хто яго падтрымлівае, і прынесці выбачэнні, што не можа адказаць. Акрамя таго, ён перадае словы падтрымкі Зміцеру Дашкевічу.
- Вось ужо трэці месяц родныя не атрымліваюць ад Мікалая Статкевіча лістоў, - падзялілася Марына Адамовіч. - Відавочна, іх блакуюць. Не выключаю, што і Мікалай атрымлівае не ўсю пошту, якая паступае на ягонае імя. Хоць фармальна не пазбаўлены на права перапіскі.
Жонка палітыка кажа, што на фоне таямнічых пераводаў у іншыя калоніі Саннікава і Дашкевіча, яна радая, што ведае, дзе знаходзіцца яе муж.
Нагадаем, у верасні палітвязень двойчы тэлефанаваў дочкам.
Размова з дачкой Ганнай доўжыўся 1 хвіліну 6 секунд і была спыненыя супрацоўнікамі адміністрацыі.
Дачка палітыка Кацярына заявіла, што было вельмі падобна да таго, што размову слухаў нехта, хто знаходзіўся побач з ім, перыядычна бацьку абрывалі на паўслове, на некаторыя пытанні не дазволілі адказаць наогул. Статкевіч прызнаўся, што яму нельга пісаць лістоў, бо пасля гэтага караюць ўсіх. У адказ на прапанову адміністрацыі калоніі напісаць прашэнне аб памілаванні, ён даў адказ, што ў злачынца нічога прасіць не будзе.
Мікалай Статкевіч абвясціў інфармацыю пра тое, што палітвязні, якіх памілаваў Лукашэнка, зрабілі гэта, таму што ім пагражалі згвалтаваннем. Неўзабаве словы Статкевіча пацвердзіў памілаваны Аляксандр Класкоўскі.