Злотнікаў: рэгуляванне коштаў - гэта вяртанне да дэфіцыту
- 25.11.2011, 14:19
Урад Беларусі ўвядзе дзяржрэгуляванне коштаў на асноўныя прадукты харчавання, заявіў віцэ-прэм'ер урада Анатоль Калінін.
«Цяпер вольныя кошты, але мы бачым, што адбываецца: у вытворцаў тавар па адным кошце, а ў гандлі - у два разы вышэйшы. Дык хто ж павінен зарабляць: вытворца або пасярэднікі?» - цытуе Калініна «Інтэрфакс».
«На жаль, у рэспубліцы гэтыя пытанні не склаліся, таму прыходзіцца асобныя групы харчовых і прамысловых тавараў вяртаць на рэгуляваныя кошты», - канстатаваў Калінін, перадае «Радыё Свабода».
Урад мае намер рэгуляваць кошты на тавары паўсядзённага попыту, прадукты і прамысловыя тавары, патлумачыў ён.
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада ў лістападзе-снежні спыніць рост коштаў, які Мінэканомікі ацэньвае па выніках года на ўзроўні 120%.
«У Польшчы, Літве і іншых краінах Еўропы з вольнымі коштамі - усё складваецца, а ў Беларусі адбываецца нешта непрадбачанае», - заўважае эканаміст Леанід Злотнікаў.
Ён называе прычыну такой сітуацыі:
«Калі ў краіне ёсць канкурэнцыя, калі краіна з адкрытай эканомікай, гэта павінна працаваць. А ў нас не атрымліваецца, бо ўрад праводзіць такую палітыку».
«Тое, што кошты вырастаюць за кошт пасрэднікаў, - гэта таксама наступствы закрытай эканомікі», - дадае эканаміст.
Злотнікаў прагназуе, што вяртанне да рэгулявання коштаў прывядзе да дэфіцыту тавараў, а прадпрыемствы, якія будуць вымушаныя гандляваць па заніжаных коштах, могуць стаць банкрутамі.