У velcom перабоі з сувяззю
- 30.11.2011, 14:07
Абаненты сеткі velcom у Віцебску, Наваполацку і часткова ў Менску ў цяперашні час недасяжныя па мабільнай сувязі.
Каля гадзіны тэлефоны з сім-карткамі velcom спрабуюць знайсці свайго аператара, але безвынікова. У офісе аператара ў Віцебску верагоднай прычынай збою ў сетцы называюць тэхнічную аварыю і пакуль не могуць сказаць, як доўга тэлефоны абанентаў будуць па-за зонай доступу. Па словах супрацоўнікаў кампаніі, сувязь недасяжная ў Віцебску, Наваполацку, часткова ў Полацку і Менску. У астатніх рэгіёнах Беларусі сувязь працуе, паведамляе БелТА.
Зараз у Віцебску можна назіраць, як людзі са здзіўленнем глядзяць на свае тэлефоны, націскаюць на кнопкі, вымаюць і зноў усталёўваюць сім-карткі. У віцебскім офісе аператара, па назіранні карэспандэнта, толькі за пяць хвілін не менш за чатыры чалавекі звярнуліся да супрацоўнікаў з адным і тым жа пытаннем: што здарылася з сувяззю.