BE RU EN

Маці Кавалёва аднесла прашэнне Лукашэнку

  • 1.12.2011, 13:49

Маці Уладзіслава Кавалёва перадала ў прыёмную Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні свайго сына, асуджанага да смяротнага пакарання па справе аб тэракце ў менскім метро.

У сваім звароце Любоў Кавалёва паведамляе, што адна выхоўвала сына і дачку. «Ніхто ніколі не мог папракнуць мяне ў тым, што я не годна выхавала сваіх дзяцей», - піша жанчына. Яна ўпэўненая ў тым, што ейны сын «не мог здзейсніць тое жахлівае злачынства, за якое яго асудзілі», паведамляе БелаПАН.

«Не ацэньваючы прысуд суда ў адносінах да майго сына, я прашу Вас узгадаць, што ў гісторыі Беларусі бывалі выпадкі, калі невінаватых прысуджалі да расстрэлу і толькі праз некалькі гадоў знаходзілі сапраўднага злачынца», - гаворыцца у заяве.

Маці асуджанага да расстрэлу таксама просіць ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, паказаўшы такім чынам, што Беларусь - «цывілізаваная дзяржава».

Тэкст свайго прашэння Любоў Кавалёва зачытала журналістам на шляху да рэзыдэнцыі Лукашэнкі на вуліцы К. Маркса. Калі яна знаходзілася ў асяроддзі прадстаўнікоў СМІ, з'явіўся намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкама Ігар Яўсееў, які заявіў, што прысутныя перашкаджаюць людзям праходзіць па ходніках. Пасля заўвагі Яўсеева ўсе рушылі да прыёмнай.

Перадаўшы просьбу, якая была зарэгістраваная, Кавалёва паведаміла, што збіраецца патрапіць на прыём да Лукашэнкі, але запісацца на яго неабходна ў пісьмовым выглядзе.

Пасля жанчына накіравалася ў Вярхоўны суд, дзе перадала першаму намесніку старшыні ВС Аляксандру Федарцову, які старшыняваў у судовым працэсе, заяву з просьбай прадаставіць ёй спатканне з сынам.Такое спатканне прадугледжана законам, яно можа адбыцца, калі перш судовы прысуд не прывядуць у выкананне.

Сёння ж Любоў Кавалёва мае намер сустрэцца з адвакатам Станіславам Абразеем, які абараняў інтарэсы ейнага сына ў судзе.

У размове з журналістамі жанчына распавяла, што пасля арышту бачыла сына адзіны раз - 9 верасня. За два з паловай месяцы судовага працэсу яна атрымала ад яго два лісты і адну паштоўку. Уладзіслаў лістоў ад сям'і, па ейных словах, не атрымліваў.

Апошнія навіны