BE RU EN

Паляванне спецслужбаў на актывістаў "Еўрапейскай Беларусі"

  • 1.02.2011, 15:20

Працягваюцца ператрусы і пераследы актывістаў "Еўрапейскай Беларусі".

Увечары, 31 студзеня, на працягу двух гадзін працягваўся ператрус у кватэры бацькоў актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Сяргея Казакова. Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі давесці да ягонай маці, што "ейны сын злачынца", распавядаючы ёй пра тое, што быццам бы "Сяргей біў шкло ў ДУ і гэта зафіксавана на відэа". Таксама супрацоўнікі сцвярджалі, што Сяргей нібыта ўсе прызнае, а ад адваката адмаўляецца, паведамляе прэс-служба "Еўрапейскай Беларусі".

Маці Сяргея распавяла, што яна сустракалася з дзяржаўнай адвакаткай, якая па тэлефоне прызначыла ёй сустрэчу яшчэ ў пятніцу ўвечары. Ад яе паслуг жанчына адмовілася, на што з боку адваката пачула наступнае "Без яе з сынам не будзе ніякага кантакту, нават не дазволяць перадаць неабходныя рэчы і прадукты".

Днём, 1 лютага, з мамай Сяргея сустрэнецца адвакат, прадастаўлены праваабаронцамі.

Нагадаем, Сяргей Казакоў быў арыштаваны 27 студзеня і змешчаны ў СІЗА на Валадарскага. Сяргей застаецца пад арыштам.

У мінулую суботу пачалося паляванне яшчэ на аднаго актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Аляксея Сянчылу. Двое супрацоўнікаў у цывільным прыходзілі на працу да Аляксея і "гутарылі" з кіраўніцтвам. На што яны атрымалі адказ, што ён напярэдадні быў звольнены. Сапраўды, напярэдадні Аляксей звольніўся па ўласным жаданні. Аб тым, што яго шукаюць, ён даведаўся, калі забіраў документы. Таксама вядома, што яму неаднаразова тэлефанавалі дамоў і цікавіліся ягоным месцазнаходжаннем, прадстаўляючыся супрацоўнікамі міліцыі. На сённяшні дзень лёс актывіста невядомы.

Актывісты былі ў ініцыятыўнай групе кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава.

Апошнія навіны