Санкцыі супраць «Белнафтахіма» ўступілі ў сілу
- 11.02.2011, 9:17
11 лютага ўступілі ў сілу санкцыі ЗША ў дачыненні ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно».
Нагадаем, 31 студзеня Дзярждэпартамэнт ЗША абвясціў аб пашырэнні візавых санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і аднаўленні санкцый у адносінах да вышэйназваных прадпрыемстваў. Гэтыя дзеянні сталі рэакцыяй на разгон дэманстрацыі ў Менску ўвечары 19 снежня і шматлікія арышты яе ўдзельнікаў, перадае БелаПАН.
Першапачаткова эканамічныя санкцыі ў дачыненні «Белнафтахіма» былі ўведзеныя ЗША ў лістападзе 2007 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. У сакавіку 2008 года, пасля таго як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад канцэрна.
У верасні 2008 года Мінфін ЗША на паўгады змякчыў эканамічныя санкцыі ў дачыненні ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно». Дзеянне дадзенага рашэння неаднаразова прадаўжалася, апошні раз - 30 лістапада 2010 года. Гэта рашэнне, якое дае амерыканскім грамадзянам і кампаніям магчымасць супрацоўнічаць з названымі прадпрыемствамі, павіннае было дзейнічаць да 31 мая 2011 года.
2 лютага прадстаўнік Дзярждэпу ЗША Лорэнс Сілверман, выступаючы ў Брукінгскім інстытуце ў Вашынгтоне, заявіў: санкцыі не з'яўляюцца пастаяннай палітыкай ЗША ў дачыненні да Беларусі. «Санкцыі - гэта не мэта, гэта не палітыка, гэта інструмент, спосаб ўплыву. Мы пільна назіраем за тым, якія будуць змены. Мы па-ранейшаму патрабуем вызваліць усіх затрыманых на акцыях пратэсту і зняць з іх усе абвінавачванні, а пакуль пакідаем ўсе прадугледжаныя санкцыямі абмежаванні ў сіле», - сказаў Сілверман.
Афіцыйны Менск заявіў аб «абсалютнай бесперспектыўнасці» санкцый. «Рашэнне Вашынгтона адкрыта парушае абавязацельства ЗША не ўжываць у адносінах да Рэспублікі Беларусь меры эканамічнага прымусу, якое было зафіксавана ў дзеючым Будапешцкім мемарандуме 1994 года», - заявіў 1 лютага МЗС Беларусі.
“Мы пакідаем за сабой права на крокі ў адказ прапарцыянальнага характару. Беларускі бок зноў падкрэслівае сваю прынцыповую зацікаўленасць у падтрыманні канструктыўных стасункаў з ЗША, якія адказваюць інтарэсам як Рэспублікі Беларусь, так і саміх Злучаных Штатаў", - падкрэслівалася ў заяве.