З рэдактара інтэрнэт-сайту «Народнай волі» узялі падпіску
- 11.02.2011, 9:29
У КДБ 10 лютага адбыўся двухгадзінны допыт рэдактара інтэрнэт-сайту газеты "Народная воля” Аляксандра Люшкевіча.
Паводле звестак сайта выдання, прыкладна ў 17 гадзін у прыёмную зайшлі двое ў цывільным. Даведаўшыся, што Люшкевіча на працоўным месцы няма, яны спыталі: "Ён паехаў дадому?» - І сышлі. У руках аднаго з іх была папера, меркавана позва. Праз некалькі хвілін Люшкевіч паведаміў рэдакцыі, што на яго мабільны тэлефон патэлефанавалі невядомыя. “Прадставіліся супрацоўнікамі КДБ. Спыталі аб тым, дзе я знаходжуся ў дадзены момант, і папрасілі заставацца на месцы, сказаўшы, што зараз за мной прыедуць", - сказаў Люшкевіч.
Пасля допыту ён заявіў, што не можа гаварыць аб падрабязнасцях, паколькі даў падпіску аб невыдаванні. Аб тэме допыту ён таксама нічога не сказаў.
«Народная воля» адзначае, што 19 снежня Люшкевіча не было на плошчы Незалежнасці.
Па крымінальнай справе аб масавых беспарадках раней былі дапытаныя галоўны рэдактар газеты Іосіф Сярэдзіч, шэф-рэдактар Святлана Калінкіна, намеснік галоўнага рэдактара Марына Коктыш.