Raiffeisen раіць дэвальваваць беларускі рубель
- 14.02.2011, 19:24
Беларускім уладам прыйдзецца тым ці іншым чынам вырашыць праблему адмоўнага сальда знешняга гандлю, калі яны не хочуць развітацца з золатавалютнымі рэзервамі, лічаць аналітыкі банка Raiffeisen.
Каментуючы заяву Нацбанка РБ, што зніжэнне ЗВР у студзені на 14% выкліканае сезоннымі ваганнямі, эксперты адводзяць сезоннасці апошняе месца ў спісе прычын, ўзначальваюць які дырэктыўны рост эканомікі і крэдытавання, павышэнне заробкаў і скарачэнне расейскіх энергетычных субсідый, перадае АФН.
У выпадку захавання бягучага эканамічнага трэнду, гаворыцца ў аналітычнай запісцы банка, ЗВР будуць губляць па 500 млн. даляраў на месяц. Сітуацыя пагаршаецца і тым, што каля 50% знешняга доўгу краіны - 12,5 млрд. даляраў - прыпадае на кароткатэрміновыя абавязацельствы (да 12 месяцаў), што стварае сур'ёзную праблему рэфінансавання.
На думку Raiffeisen, праблема ляжыць у структурнай плоскасці, а таму ў беларускіх уладаў небагаты выбар інструментаў. У прыватнасці, гэта працяг распачатай у 2009 годзе палітыкі знешніх запазычанняў, узмацніць якую можна продажам беларускай дзяржуласнасці замежным інвестарам.
Акрамя таго, неабходная дэвальвацыя беларускага рубля, якая з аднаго боку прывядзе да падаражэння імпарту і з другога боку патаннення экспарту, што ў абодвух выпадках дазволіць скараціць дэфіцыт знешняга гандлю. Сярод рэкамендацый адмова ад далейшага павышэння заробкаў, скарачэнне бюджэтных выдаткаў, зніжэнне тэмпаў (аб'ёмаў) крэдытавання беларускай эканомікі.
Разам з тым, эксперты адзначаюць, што выкананне названых рэкамендацый не зменіць сітуацыю ў эканоміцы краіны адзіначасова, а таму ў бліжэйшыя месяцы ЗВР працягнуць зніжацца.
Аднак калі ні адна з прапанаваных рэкамендацый не будзе выкананая, папярэджвае Raiffeisen, павышэнне уразлівасці беларускай эканомікі выкліча негатыўную рэакцыю на фінансавых рынках, следствам якой можа стаць павышэнне ставак па беларускіх еўрабондах і зніжэнне суверэннага рэйтынгу краіны.