МЗС Беларусі: Беларусы не ваююць у Лівіі
- 27.02.2011, 12:29
МЗС Беларусі адмаўляе ўдзел беларускіх грамадзянаў у ваенных дзеяннях у Лівіі.
Пра гэта агенцтву "Інтэрфакс Захад" заявілі ў міністэрстве замежных спраў Беларусі.
"Па інфармацыі МЗС, беларускіх грамадзян, якія дзейнічаюць у якіх-небудзь ваенных фарміраваннях на тэрыторыі Лівіі, няма", - сказала намесніца начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.
"Чуткі, якія распаўсюджваюцца шэрагам СМІ, не адпавядаюць рэчаіснасці", - адзначыла прадстаўніца МЗС Беларусі.
26 лютага тэлеканал CNN паведаміў аб удзеле белых наймітаў ў «зачыстцы» вуліц Трыпалі. Тэлеканал цытуе лівійскага бежанца, які стаў сведкам расправы над дэманстрантамі. “Ён пачуў кулямётную чаргу і ўбачыў тры джыпа. У двух з іх знаходзіліся чарнаскурыя, а ў трэцім, як яму падалося, былі людзі з усходнееўрапейскай знешнасцю. Усе яны былі ўзброеныя аўтаматамі АК-47", перадае словы лівійцы тэлеканал CNN. Па чутках, гэта маглі быць сербы і беларусы. Пра гэта ў эфіры Piers Morgan Show на CNN паведаміў міжнародны карэспандэнт тэлеканала Бэн Відэман (Ben Wedeman).