Асуджаных удзельнікаў Плошчы развозяць па турмах
- 12.03.2011, 13:13
12 сакавіка ўступаюць у сілу прысуды асуджаным ўдзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці 19 снежня Зміцеру Новіку і Аляксандру Малчанаву.
Іх абвінавацілі ў масавых беспарадках і пакаралі пазбаўленнем волі на тры з паловай і тры гады адпаведна.
Папярэдне вядома, што Зміцера Новіка накіруюць для адбыцця пакарання ў выпраўленчую калонію «Віцьба-3», а Малчанава - у Бабруйскую калонію, перадае ПЦ «Вясна».
Аляксандр Атрошчанкаў, якога 2 сакавіка асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, падаў касацыйную скаргу і чакае даты яе разгляду ў судзе.
Раней абскардзіў рашэнне суду яшчэ адзін асуджаны за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў. Судом Фрунзенскага раёна Менска ён быў прысуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Зараз Парфянкоў таксама чакае судовага рашэння. Па звестках праваабаронцаў, яго павінныя накіраваць у калонію ў Воршы.