Святлана Лябедзька звярнулася ў пракуратуру
- 12.03.2011, 14:01
Уся інфармацыя аб знаходжанні старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі ў зняволенні закрытая для членаў ягонай сям’і.
З 29 снежня 2010 года з Анатолем Лябедзькай не можа сустрэцца адвакат.
«Тлумачаць гэта тым, што ў СІЗА КДБ нібыта няма свабодных памяшканняў для працы адвакатаў з падабароннымі, - паведаміла ў інтэрв'ю сайту ucpb.org Святлана Лябедзька. - У нас няма інфармацыі аб тым, хто следчы. Не агучваюць нават ягонае прозвішча. Цяпер быццам бы следчы змяніўся, але хто новы не паведамляюць. Кажуць, прыйдзе час - даведаецеся».
У сценах КДБ Анатоль Лябедзька адрэзаны ад усялякай інфармацыі аб сваіх сябрах. З 21 лютага яму не перадаюць лістоў ад жонкі і сына.
Праўда, лісты ад яго (хоць і не ўсе) пасля двухтыднёвага перапынку сталі прыходзіць. Апошні датаваны 8 сакавіка.
«З гэтага ліста мы даведаліся, што ў яго ўжо ў трэці раз пачаліся праблемы з горлам, пагаршаецца зрок. - Кажа Святлана. - Усё гэта, мабыць, варта аднесці да наступстваў тых катаванняў, аб якіх распавёў Міхалевіч. Святло ў камерах і ўсё астатняе - таксама своеасаблівае катаванне. Відавочна, што са здароўем у яго ўжо не так, як павінна быць. З інфармацыі, якая дайшла да мяне, я раблю выснову, што ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ не адпавядаюць санітарным нормам».
Расказваючы пра ўсё гэта ў сваім звароце да пракурора Менска М.М. Куліка, адпраўленым 10 сакавіка, Святлана Лябедзька заяўляе: «Лічу сітуацыю, якая склалася, недапушчальнай, парушаючай правы майго мужа і правы ягонай сям'і». Яна просіць пракурора Менска «правесці праверку ўмоваў утрымання мужа ў СІЗА КДБ, прыняць меры пракурорскага рэагавання па ўсіх выяўленых парушэннях і паведаміць аб прынятых мерах ва ўстаноўленыя законам тэрміны». Гэтак жа яна просіць «забяспечыць мужу права на абарону ў поўным аб'ёме, абавязаць следства неадкладна даць яму права на сустрэчу з адвакатам».