На беларуска-літоўскай мяжы – “італьянскі страйк”
- 12.03.2011, 19:26
Каб праехаць мяжу, трэба 12 гадзінаў адстаяць у чарзе.
“Італьянскі страйк” арганізавалі літоўскай памежнікі. Гэта азначае, што праца ажыццяўляецца з выкананнем усіх бюракратычных момантаў, а таму вельмі марудна. У выніку катастрафічна зніжаецца вытворчасць, у дадзеным выпадку – колькасць прапушчанага праз мяжу транспарту, паведамляе Белсат.
Страйк арганізаваны на ўсіх участках літоўскай мяжы, яго прычына - нізкія заробкі памежнікаў. Відавочцы паведамляюць, што на прапускным пункце “Каменны Лог” сабаралася чарга са 120 легкавых аўтамабіляў, звычайна ж яна складае максімум 30.
“У пятніцу выбраўся за пакупкамі ў Вільню, аднак адстаяўшы ў чарзе 10 гадзінаў, нават не прасунуўся да шлагбаўма пропуску. Яшчэ больш грузавых аўтамабіляў, людзі ў чарзе распавядалі, што стаяць некалькі сутак”, - распавёў відавочца Максім Гарэльнікаў.
У Дзяржаўным памежным камітэце (ДПК) Беларусі паведамляюць, што ніяк не могуць змяніць сітуацыю. “З нашага боку чарга ідзе прапарцыянальна, мы не затрымліваем людзей штучна. Аднак калі рухацца наперад няма куды – літоўскія памежнікі замаруджваюць працэс, таму і мы вымушаныя стрымліваць чаргу”, - распавёў дзяжурны “гарачай лініі”.
У ДПК раяць па магчымасці адкласці паездкі ў Літву або карыстацца рэйсавымі аўтобусамі, якія прапускаюць амаль без спазненняў.