BE RU EN

У Андрэя Саннікава моцныя болі ў суставах

  • 14.03.2011, 11:40

Маці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі атрымала ад яго ліст з СІЗА КДБ.

Нагадаем, што ў апошнія тыдні Андрэю Саннікаву забаранілі перадаваць у турму звычайны набор прадуктаў, дазволіўшы толькі посны тварог і вараную каўбасу. У сувязі з гэтым у маці палітвязня ўзніклі падазрэнні, што ў сына сур'ёзныя праблемы са страўнікам ці печанню. Аднак у СІЗА КДБ адмаўляліся прадаставіць інфармацыю аб стане здароўя кандыдата ў прэзідэнты.

Учора Ала Уладзіміраўна Саннікава атрымала ад сына ліст, у якім ён, наколькі гэта дазваляе турэмная цэнзура, распавёў аб сваім самаадчуванні.

«Андрэй напісаў, што ён зразумеў, што ў мяне не прынялі перадачу і я запанікавала. Напісаў: «Не хвалюйся, можа, гэта мне нават і на карысць». У яго моцныя болі у суставах, кшталту падагры. Я думаю, што гэта вынік збіцця і холаду ў камеры. Што яшчэ напісаў? Што, часам яму падаецца, нібыта ўсё, што адбываецца - гэта сон і лепш бы гэта быў сон. Перадае ўсім прывітанне, піша, што пра ўсіх памятае», - распавяла маці Андрэя Саннікава сайту charter97.org.

Сёння Ала Саннікава перадала ў СІЗА КДБ сыну лекі і дазволеныя дыетычныя прадукты.

Маці палітвязня дамагаецца спаткання з сынам. Пакуль ейную просьбу аб спатканні перанакіравалі са Следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання МУС у Следчае ўпраўленне КДБ.

Нагадаем, што акрамя гэтых праблем са здароўем, набытых у умовах у СІЗА, у Андрэя Саннікава моцна пашкоджаная нага. Яго арыштавалі пасля жорсткага збіцця на плошчы Незалежнасці.

Апошнія навіны