BE RU EN

Human Rights Watch распавяла ААН аб апошняй дыктатуры Еўропы

  • 15.03.2011, 3:01

У дакладзе аб сітуацыі ў Беларусі Human Rights Watch заклікала ААН задзейнічаць санкцыі супраць дыктатуры да вызвалення ўсіх палітвязняў.

Супрацоўнікамі Human Rights Watch былі апытаныя 36 чалавек: відавочцы і ўдзельнікі падзей на плошчы Незалежнасці 19 снежня; асобы, якія адбылі адміністрацыйны арышт; асобы, якія праходзяць па справе аб так званых масавых беспарадках і адпушчаныя з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе; сваякі абвінавачаных, якія на момант інтэрв'ю заставаліся пад вартай; адвакаты; кіраўнікі няўрадавых груп, а таксама міжнародныя праваабарончыя назіральнікі, якія пільна адсочвалі сітуацыю ў Беларусі напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

Інтэрв'ю праводзіліся, як правіла, індывідуальна і ў канфідэнцыйных умовах. Імёны большасці нашых суразмоўцаў не выдаюцца.

Кароткі змест даклада (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

На працягу 16 гадоў прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі беларуская грамадзянская супольнасць падвяргалася ўсё больш сур'ёзнаму ціску. Гэта прыводзіла да росту напружанасці ў адносінах Беларусі з міжнароднай супольнасцю, у першую чаргу з дзяржавамі Еўрапейскага Звяза. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. беларускія актывісты і міжнародныя арганізацыі, здавалася б, убачылі пэўныя перспектывы для дэмакратычных зменаў. Аднак 19 снежня, у дзень галасавання, гэтыя ілюзіі былі развеяныя.

У той дзень на вуліцы беларускай сталіцы выйшла каля 30 тысяч чалавек у надзеі не дапусціць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Калі вынікі галасавання былі абвешчаныя, і дэманстранты даведаліся, што, паводле афіцыйных падлікаў, Лукашэнка нашмат апярэдзіў ўсіх сваіх канкурэнтаў, некалькі дзясяткаў людзей у масках пачалі біць шкло ў Доме ўрада на плошчы Незалежнасці. Хоць астатнія дэманстранты паводзілі сябе мірна, супрацоўнікі праваахоўных органаў пачалі сілавы разгон дэманстрацыі, збіваючы ўсіх без разбору, уключна з тымі, хто пападаў на зямлю, і хапаючы нават выпадковых мінакоў на прылеглых да плошчы вуліцах.

Пасля снежаньскіх падзей беларускіх грамадзянскіх актывістаў і незалежныя СМІ захліснула новая хваля рэпрэсій. У дакладзе, які напісаны па матэрыялах даследавання, праведзенага нашымі супрацоўнікамі ў Менску ў лютым 2011 г., апісаныя і прааналізаваныя парушэнні правоў чалавека ў перыяд пасля снежаньскіх выбараў (парушэнні правоў затрыманых, закрыты разгляд адміністрацыйных справаў, ператрусы ў офісах праваабарончых арганізацый і г.д .). І без таго складаная сітуацыя ў Беларусі, дзе гадамі душыліся асноўныя правы і свабоды, у апошнія некалькі месяцаў прыкметна пагоршылася.

Увечары 19 снежня і ў наступныя дні ўладамі былі затрыманы сотні людзей. Большасць падвергнуліся недазволенаму абыходжанню пры затрыманні і/ці непасрэдна ў міліцыі. На працягу прыкладна двух тыдняў па меншай меры 725 чалавек атрымалі ад 10 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі.

На адміністрацыйныя суды, якія працягваліся, як правіла, не больш за 10-15 хвілін, не дапускалі ні журналістаў, ні сваякоў. У большасці выпадкаў справы разглядаліся без адваката і сведкаў абароны. Адміністрацыйны арышт людзі адбывалі ў перапоўненых камерах, дзе ім даводзілася спаць на падлозе, спаць у парадку чарговасці або па некалькі чалавек на адным ложку. Многія пакутавалі ад холаду, адсутнасці ў камеры прыбіральні, праблем з доступам да медыцынскай дапамогі. Жанчыны скардзіліся на адсутнасць прадметаў жаночай гігіены.

Па стане на 7 сакавіка 2011 38 чалавек, у тым ліку пяцёра кандыдатаў у прэзідэнты, праходзілі ў якасці абвінавачаных па крымінальных справах аб арганізацыі ці ўдзеле ў масавых беспарадках. Па меншай меры 30 з іх ўтрымоўваліся пад вартай і не мелі магчымасці размаўляць з адвакатам сам-насам. Некалькім адвакатам, па іхніх словах, раілі не распаўсюджвацца аб падрабязнасцях справы. Чацвярых адвакатаў, якія прадстаўлялі інтарэсы абвінавачаных па крымінальных справах, пазбавілі ліцэнзіі, а аднаго выключылі з калегіі адвакатаў.

Х’юман райтс ўотч праінтэрв’юявала некалькіх абвінавачаных, адпушчаных да суду пад падпіску аб нявыездзе, а таксама адвакатаў і сваякоў тых, хто знаходзіцца пад вартай або пад хатнім арыштам. Падчас гэтых інтэрв'ю былі атрыманыя паслядоўныя заявы аб такіх сур'ёзных парушэннях, як адмова ў праве на адваката і нездавальняючыя ўмовы ўтрымання ў СІЗА.

У канцы снежня - пачатку студзеня ў офісах вядучых праваабарончых арганізацый прайшлі ператрусы; былі канфіскаваныя кампутары і дакументацыя. Варта адзначыць, што большасць беларускіх НДА не могуць атрымаць афіцыйную рэгістрацыю (улады адмаўляюць ім у гэтым пад рознымі падставамі). Пры гэтым у Беларусі ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі цягне крымінальную адказнасць, і пасля 19 снежня становішча многіх актывістаў, якія і так гадамі знаходзіліся пад пагрозай крымінальнага пераследу, стала яшчэ больш складаным.

Ператрусы з адабраннем аргтэхнікі прайшлі таксама ў рэдакцыях чатырох незалежных СМІ і на кватэрах 12 журналістаў. Па меншай меры ў адной радыёстанцыі была адкліканая ліцэнзія. Нядаўняе ўзмацненне жорсткасці кантролю над Інтэрнэтам дае беларускім уладам дадатковыя магчымасці падаўлення сеткавых інфармацыйных рэсурсаў і сайтаў няўрадавых арганізацый, якія ўжо доўгі час з'яўляюцца адзінай крыніцай незалежнай інфармацыі.

Х’юман райтс ўотч заклікае Раду ААН па правах чалавека прыняць рэзалюцыю з асуджэннем парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў і запатрабаваць ад беларускіх уладаў аператыўнага ўстаранення гэтых парушэнняў. Таго ж павінныя ўзгоднена і паслядоўна дамагацца ад Менска еўрапейскія дзяржавы і ЗША - у тым ліку з выкарыстаннем санкцый, ужо прынятых у дачыненні да Беларусі. Адмена або прыпыненне санкцый магчымыя толькі пасля таго, як беларускія ўлады вызваляць усіх асоб, якія не здзяйснялі супрацьпраўных дзеянняў, і распачнуць канкрэтныя крокі для паляпшэння становішча грамадзянскай супольнасці.

Апошнія навіны