BE RU EN

Міхалевіч даслаў «Ліст з-за мяжы», але сувязі з ім няма

  • 15.03.2011, 14:40

Артыкул пад назвай «Ліст з-за мяжы. Не хачу быць героем» Алесь Міхалевіч даслаў у рэдакцыю інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Рэдакцыя сцвярджае, што існавала папярэдняя дамоўленасць аб тым, што Алесь будзе пісаць у іхнюю рубрыку «Мнение». Ліст ад палітыка датаваны 14 сакавіка, час атрымання - 00:46 па беларускім часе. Журналісты лічаць, што Міхалевіч накіраваў яго ўжо з-за мяжы.

Атрымліваецца, што ліст у рэдакцыю палітык адправіў на 26 хвілін пазней, чым напісаў у сваім інтэрнэт-блогу аб сваіх уцёках за мяжу.

«Я не прэтэндаваў на тое, каб быць героем. Я не збіраўся піярыцца на сядзенні ў турме, ды і ўвогуле сядзець не збіраўся. Хацеў пасля выбараў працаваць над прыцягненнем інвестыцый», - піша Алесь Міхалевіч. Ён распавядае, што ў КДБ яму «адразу запрапанавалі публічна асудзіць іншых. Чакалі паказанняў супраць Статкевіча, Някляева ды Саннікава». Але ён даваць такія паказанні адмовіўся.

«Я хацеў застацца чалавекам і нікому не шкодзіць, займацца сям'ёй і зарабляць грошы, захаваўшы сумленне», - прызнаецца ён. У лісце яшчэ раз згадваюцца ужытыя да Міхалевіча катаванні, прычыны і абставіны іх прымянення, тлумачыцца, як і чаму быў напісаны ліст Лукашэнку. Акрамя таго, палітык распавядае, як яму былі ў пачатку вылучаныя абвінавачванні ў шпіянажы, але знятыя пасля праверкі на «дэтэктары хлусні». Адным з галоўных пытанняў, якія задавалі яму супрацоўнікі камітэта дзяржбяспекі, Міхалевіч назваў пытанне аб тым, ці збіраецца ён яшчэ вяртацца ў палітыку. «...За час следства планавалася дачакацца маіх даносаў і добра падсадзіць мяне на кручок. Толькі гэта ніяк не супадала з маімі планамі застацца чалавекам. А героем я не хачу быць сам», - піша былы кандыдат у прэзідэнты. Ягонае месцазнаходжанне на дадзены момант дакладна не вядомае.

У мінулыя суткі, калі стала вядома пра ягоны ад'езд, некаторыя назіральнікі выказвалі асцярогу, што знікненне палітыка можа быць звязанае ў тым ліку і з ягоным выкраданнем спецслужбамі, паколькі ў Беларусі яшчэ не забыліся, як пісаў літаральна з-пад пятлі смс-паведамленні журналіст Алег Бябенін. «Ліст з-за мяжы» тлумачыць матывы ўчынку Алеся Міхалевіча, але сувязі з ім па-ранейшаму няма.

Апошнія навіны