Кошт слова
- Мікалай Халезін
- 16.03.2011, 16:44
Кожнае слова мае вагу, і кожнае слова можа як вылечыць, так і забіць.
14 сакавіка ў Маскве, у Незалежным прэс-цэнтры, адбылася прэс-канферэнцыя «Няздзейсненыя надзеі: рэпрэсіі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў», з нагоды апублікавання новага дакладу адной з вядучых сусветных праваабарончых арганізацый - Human Rights Watch.
Тэма зразумелая з назвы, як, уласна, і сэнсавае напаўненне. Але, на працягу прэс-канферэнцыі былі сказаныя дзве фразы, якія мяне насцярожылі. Расейскі праваабаронца Валянцін Гефтэр падчас свайго выступу сказаў: «Я не веру ў тое, што людзей у СІЗА КДБ катуюць». Пасля чаго, кіраўнік Праваабарончага цэнтра Вясна Алесь Бяляцкі кажа наступнае: «Я, мабыць, з Валянцінам пагаджуся, хоць і былі некаторыя сведчанні аб тым, што людзям заломваюць рукі, калі водзяць на допыты, і спаць прымушаюць ў пэўным становішчы».
У тым кантэксце, у якім прамаўляліся гэтыя словы, кожнае слова мае вагу, і кожнае слова можа як вылечыць, так і забіць. «Былі некаторыя сведчанні» - досыць дзіўная фармулёўка для чалавека, які з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Алесь не можа не ведаць аб публічных сведчаннях Аляксея Міхалевіча, Наталлі Радзінай, Аляксандра Атрошчанкава, якія паслядоўна і выразна выклалі факты катаванняў. Як не можа не ведаць і пра непублічныя сведчанні тых, хто выйшаў з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе.
Вядома, мы можам развесці схаластычнай спрэчку на тэму, што лічыць катаваннем, а што не, але Вялікі юрыдычны слоўнік вызначае гэтае слова як «любое дзеянне, якім якой-небудзь асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная альбо маральнае, каб атрымаць ад яго або ад трэцяй асобы звесткі ці прызнанні, пакараць яе за дзеянне...». Зноў жа, мы можам спыніцца на словах «не веру» Валянціна Гефтэра, які прыпадобніўся Станіслаўскаму ў праваабарончай галіне. Але, па дзіўным збегу акалічнасцяў, і праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch больш паверыла праваабаронцам, а не ахвярам, пакінуўшы тэму катаванняў у СІЗА КДБ за бортам свайго дакладу.
Мікалай Халезін, kilgor-trautt.livejournal.com