Літоўскі міністр прапануе склікаць Раду па абароне дзяржавы з-за БелАЭС
- 16.03.2011, 18:29
Міністр транспарту і камунікацый Літвы Элігіюс Масюліс прапануе склікаць Раду па абароне дзяржавы і сфармуляваць афіцыйную пазіцыю ў сувязі з АЭС, што будуецца ў Беларусі.
"Літве патрэбны дакладны план, як сябе паводзіць далей у сітуацыі, калі Беларусь будуе АЭС побач з Вільняй", - перакананы Масюліс.
Па ягоных словах, паколькі планы Беларусі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС побач з Вільняй набываюць рэальныя рысы, патрэбная дакладная стратэгія далейшых дзеянняў з мэтай абароны дзяржаўных інтарэсаў, перадае DELFI.
"Кіраўнікі краіны павінныя склікаць раду па абароне дзяржавы, выказаць зразумелую, рашучую пазіцыю ў сувязі з будучым атамнай энергетыкі ў нашым рэгіёне", - сказаў Масюліс.
Па ягоных словах, выказаныя да гэтага часу каментары прыродаахоўнікаў і спецыялістаў у галіне энергетыкі і ноты, якія пасылалі Беларусі, не далі вялікага эфекту.
"Быць можа, Літве трэба кааперавацца з іншымі краінамі ЕЗ, каб аб планах у сувязі з будаўніцтвам АЭС побач з Вільняй, казалі на вышэйшым узроўні", - сказаў Масюліс.