У спісе неўязных павінныя быць тысячы чыноўнікаў
- 18.03.2011, 10:13
Брусэль плануе папоўніць спісы неўязных у Еўразвяз двума дзесяткамі беларускіх суддзяў і пракурораў.
Яны маюць дачыненне да крымінальных справах супраць прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама кіраўнікамі ВНУ, якія адлічваюць студэнтаў за палітычную актыўнасць.
Рашэнне пашырыць спіс можа быць прынятае ўжо 21 сакавіка, падчас сустрэчы міністраў замежных спраў Еўразвяза. Наколькі эфектыўныя візавыя абмежаванні? Ці стане адчувальным пакаранне падобнага кшталту для асобных юрыстаў ці кіраўнікоў навучальных установаў? На гэтыя пытанні адказваюць экспэрты «Радыё Свабода».
Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў лічыць такія меры збольшага дэманстрацыяй адносінаў Еўразвяза перш за ўсё да прававой сістэмы Беларусі:
- Вядома, можна сказаць, што суддзі, якія выносяць прысуды ў дачыненні да гэтых людзей, у значнай ступені сябе скампраметавалі. Перш за ўсё тым, што не забяспечваюць поўнай аб'ектыўнасці і незалежнасці ў вырашэнні гэтых пытанняў. Таму рашэнні прымаюцца хутчэй палітычныя, чым юрыдычныя. На мой погляд, падставы для траплення ў спіс, у прынцыпе, ёсць. Калі, натуральна, па выніках судовага разбору можна казаць аб ангажаванасці гэтых суддзяў.
- Ці ёсць сэнс пашыраць гэты спіс за кошт іншых асобаў?
- Мне падаецца, што гэта не мае прынцыпова вялікага значэння. Паколькі выязджаюць гэтыя працаўнікі судоў ці не выязджаюць у еўрапейскія краіны - рэч адносная. На справе гэта досыць рэдка здараецца. Тым больш, што можна наведваць іншыя месцы. Таму гэта, на мой погляд, не прынцыповае рашэнне. Яно мае, магчыма, больш такой папулісцкі характар, разлічаны на тое, каб паказаць сваё стаўленне да падзей, якія адбываюцца ў Беларусі. І ў тым ліку - да цяперашняга беларускага правасуддзя. Гэта своеасаблівая адзнака Еўропы ў дачыненні да нашай рэчаіснасці, у тым ліку прававой. Тут больш прысутнічаюць маральныя аспекты.
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Павел Знавец перакананы, што санкцыі, якія зараз порцыямі адпускае Еўразвяз, занадта малыя, каб разважаць аб іх эфектыўнасці. На ягоную думку, у спісе неўязных павінныя значыцца тысячы адказных за рэпрэсіі ў краіне:
- Калі гаворка аб візавых санкцыя - то як мінімум для тысячы чыноўнікаў. Ад кіраўнікоў аддзелаў адміністрацый і міністэрстваў да дэпутатаў і саміх міністраў. Усіх зрабіць неўязнымі, толькі такім чынам можна чагосьці дамагчыся, вось тады гэта будзе дзейнічаць. А так ездзяць, атрымліваюць у канвертах камандзіровачныя - усе задаволеныя. Пляваць ім з высокай вежы на ўсё. І смяюцца яшчэ з Някляева і Саннікава, з ягонай жонкі, з дзіцяці малога. Гэта з разраду - «маем тое, што маем». Тое, што ў сваім нядаўнім лісце напісаў Зянон Пазняк, адразу трэба было зрабіць, не чакаючы брутальнай развязкі. Але і зараз яшчэ не позна. Паглядзім, як на самой справе на ўсё гэта адрэагуюць. Мне ўсё ж здаецца - ніяк.
Варта дадаць, што разглядаецца магчымасць увядзення санкцый супраць асобных кампаній, якія ўскосна датычныя да гвалту над апанентамі ўладаў. Напрыклад, фірмы, якія вырабляюць прылады для падаўлення апазіцыйных акцый. У такім выпадку пад такія санкцыі можа патрапіць і Менскі аўтазавод, які распрацаваў і актыўна задзейнічае так званыя аўтазакі - фургоны для перавозкі затрыманых.