BE RU EN

Адвакат, нарэшце, убачыла Мікалая Статкевіча. «Схуднеў, але вясёлы»

  • 18.03.2011, 12:35

Сёння адбылося кароткачасовае спатканне адвакаткі Тацяны Станкевіч з ейным падабаронным Мікалаем Статкевічам.

Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміла грамадзянская жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

«Кажа, што Мікалай схуднеў, але выглядае бадзёрым і вясёлым», - распавядае Марына Адамовіч.

Кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча ўжо пачалі знаёміць з матэрыяламі справы. Нагадаем, што даваць паказанні Статкевіч адмовіўся.

Адвакаты не бачылі Статкевіча ад 29 снежня, калі палітыку было прад'яўленае абвінавачванне. Столькі ж адвакаты не бачылі Паўла Севярынца, Анатоля Лябедзьку, Сяргея Марцалева, Зміцера Бандарэнку.

Таксама сёння афіцыйныя міліцэйскія крыніцы паведамілі, што абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў было прад'яўленае яшчэ аднаму кандыдату ў прэзідэнты Зміцеру Усу.

Ус быў затрыманы ўвечары 19 снежня, але адпушчаны пасля заявы з асуджэннем правакацый. Нікога з іншых кандыдатаў Ус не абгаварыў. Увесь гэты час Зміцер праходзіў як падазраваны па крымінальнай справе. Ён паведамляў у СМІ, што следства хацела пачуць ад яго паказанні супраць Мікалая Статкевіча. Але Ус адмовіўся.

На дадзены момант звязацца са Зміцерам Усам не атрымліваецца. У яго адключаны мабільнік, а працоўны нумар ніхто не здымае. Вядома толькі, што на чацвер яго выклікалі ў КДБ.

Апошнія навіны