На мяжы канфіскавалі «Прэс-фота Беларусі 2010»
- 18.03.2011, 18:37
Сёння ўначы на беларуска-літоўскай мяжы супрацоўнікі мытні пераходу «Катлоўка» канфіскавалі на экспертызу 100 асобнікаў каталога «Прэс-фота Беларусі 2010».
Рэдактаркакаталога Юлія Дарашкевіч, якая везла гэтую партыю для перадачы ў беларускія галерэі і бібліятэкі, у эфіры "Еўрарадыё" паведаміла падрабязнасці здарэння.
Па ейных словах, мытнікі ўважліва прагледзелі усе здымкі і, мабыць, вырашылі перастрахавацца. Як распавяла Юлія, яны некуды тэлефанавалі, раіліся, а потым заявілі: «Фотаздымкі, вядома, добрыя, але там ёсць адна серыя... Вы разумееце якая».
Верагодна, меліся на ўвазе здымкі, на якіх адлюстраваныя моманты разгону дэманстрацый у Менску.
«Але ж гэта толькі фотаздымкі, якія толькі адлюстроўваюць нашу рэчаіснасць», - кажа Юлія.
Пасля правядзення экспертызы, якая працягнецца месяц, каталогі абяцалі вярнуць. Праўда, не абяцалі, што іх выезд з Беларусі будзе дазволены.