Непрызнаны «прэзыдэнт» ірвецца ў Кіеў
- 19.03.2011, 17:15
Аляксандр Лукашэнка мае намер прыняць удзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да 25-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы, якія пройдуць у красавіку ў Кіеве.
Пра гэта паведаміў амбасадар Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка.
У красавіку ў Кіеве пройдуць саміт па пытаннях бяспечнага і інавацыйнага выкарыстання ядзернай энергіі, а таксама міжнародная канферэнцыя «25 гадоў чарнобыльскай катастрофы. Бяспека будучыні».
«Беларускі бок будзе прадстаўлены на красавіцкіх мерапрыемствах у Кіеве, прымеркаваных да 25-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, на самым высокім узроўні», - цытуе БелТА са спасылкай на агенцтва «Інтэрфакс-Захад» беларускага дыпламата.
«У нас маецца афіцыйнае запрашэнне ўкраінскага боку на імя нашага прэзідэнта, і Аляксандр Лукашэнка мае намер асабіста прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах», - сказаў Валянцін Вялічка.
Па ягоных словах, “у цяперашні час ідзе дбайная падрыхтоўка да іх". «Наколькі мне вядома, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падчас сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы ў межах саміту АБСЕ ў Астане таксама асабіста запрасіў яго наведаць Кіеў і прыняць удзел у чарнобыльскіх мерапрыемствах», - дадаў амбасадар Беларусі ва Украіне.
Адзначым, што на мерапрыемствы ў Кіеў таксама запрошаны кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу. Аднак у яго ёсць адна ўмова - у Кіеве не павінна быць Лукашэнкі.