Экспарт Беларусі ў ЗША з-за санкцыяў паменшыўся на 1 млрд даляраў
- 2.03.2011, 15:48
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан паведаміў, што пасля ўвядзення эканамічных санкцый у дачыненні канцэрна "Белнафтахім" беларускі экспарт у ЗША ўпаў амаль на мільярд даляраў.
"Па дадзеных амерыканскага ўрада, пасля ўвядзення санкцый ў 2007 годзе беларускі экспарт на амерыканскі рынак паменшыўся з амаль 1 млрд. 100 млн. даляраў да 175 млн. даляраў у 2010 годзе", - сказаў дыпламат.
"Вельмі важна звяртаць увагу не на тое, што будзем рабіць мы, а на тое, што адбываецца тут, у Беларусі", - падкрэсліў ён, кажучы пра санкцыі. "Нашыя дзеянні будуць рэакцыяй на тое, што адбываецца тут, - заявіў Скэнлан. - ЗША працягваюць заклікаць да неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых і зняцці ўсіх абвінавачванняў супраць іх. Мы таксама заклікаем спыніць абуральны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, юрыстаў, палітычнай апазіцыі і сем'яў затрыманых", перадае БелаПАН.
Акрамя таго, ЗША заклікаюць стварыць магчымасці для свабоднага выказвання палітычных поглядаў, развіцця грамадзянскай супольнасці, свабоды СМІ - усяго таго, што з'яўляецца абавязацельствамі, узятымі на сябе Беларуссю ў межах АБСЕ, сказаў часовы павераны. "І гэтыя стандарты павінныя выконвацца, калі Беларусь хоча быць бліжэй да Еўропы", - падкрэсліў ён.
Па словах Скэнлана, амерыканская "палітыка санкцый ўяўляе сабой простае матэматычнае раўнанне": "Калі ў Беларусі будзе паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, на што мы спадзяемся, рушыць услед паслабленне санкцый. Калі будзе пагаршэнне - санкцыі ўзмоцняцца, як мы ўжо прадэманстравалі. Гэта не павінна быць навіной для беларускага ўрада, паколькі мы заўсёды паслядоўна прытрымліваліся такой палітыкі".