Праваабаронцы: Пракурор і суддзя яшчэ панясуць за гэтую расправу адказнасць
- 2.03.2011, 20:15
Юрыст, намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла перакананы, што «справа 19 снежня» надуманая і палітычна матываваная.
Ніякіх масавых беспарадкаў на плошчы не было, не было гвалту над асобай, падпалаў, пагромаў, узброенага супраціву прадстаўнікам улады. Пабітае шкло цягне максімум на дробнае хуліганства:
«Калі справа палітычна матываваная, галоўная мэта - абавязкова пакараць, тым самым напалохаць грамадства, уцягнуць яго ў стан страху перад гэтай хворай уладай. Залежныя ад выканаўчай улады і ажыццяўляюць так званае «правасуддзе» пракуроры патрабуюць неадэкватна жорсткіх мер, а суддзі іх агалошваюць ў прысуды», - заявіў Гары Паганяйла «Радыё Свабода».
Суддзя Тацяна Чаркас
Прадстаўнік абвінавачвання Маладцова
Былы палітвязень Цімафей Дранчук, які ў 2006 годзе адседзеў каля года па справе «Партнёрства», выказаў такое меркаванне:
«Пракурор выдатна ведае пра артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за тое, што ён свядома патрабуе пасадзіць за злачынства, якога ён не здзяйсняў. Такога злачынства, як масавыя беспарадкі, Атрошчанкаў не здзяйсняў дакладна. На дадзены момант тая крымінальная справа, што ўзбуджаная па факце масавых беспарадкаў, наогул не завершаная, таму дурасць - вінаваціць некаторых з нібыта удзельнікаў у тым, што яшчэ ў прынцыпе, па сутнасці і зусім не даказана. Таму які бы прысуд абвінавачаным ні быў вынесены сёння, які б тэрмін ні быў, я ўпэўнены, што пракурор калі-небудзь будзе несці за гэта крымінальную адказнасць».