Кубілюс: Літва будзе змагацца супраць АЭС ля ейнай мяжы
- 21.03.2011, 18:20
Літва будзе змагацца супраць атамных электрастанцый, якія плануюць пабудаваць побач з ейнай мяжой, праз Еўрапейскі звяз і АБСЕ.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, паведамляе БелаПАН са спасылкай на DELFI.
Як адзначыў Кубілюс, даследаванні ўздзеяння на навакольнае асяроддзе абедзвюх запланаваных АЭС, у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расеі, не завершаныя, няма адказаў на хвалюючыя Літву пытанні.
«Паколькі не завершаныя гэтыя працэдуры, то любыя работы па развіцці гэтых праектаў былі б парушэннем міжнародных канвенцый», - лічыць літоўскі прэм'ер-міністр. Па ягоных словах, расейскія рэактары, якія плануюць пабудаваць у Беларусі і Калінінградзе, адносяцца да ліку «эксперыментальных».
«Мы лічым, што калі парушаць канвенцыю АБСЕ і пабудуюць побач з Літвой эксперыментальны рэактар, то будзе створаная вялікая небяспека, не абгрунтаваная ніякімі матывамі», - сказаў прэм'ер-міністр.
Па словах Кубілюса, на бліжэйшым пасяджэнні Рады ЕЗ літоўскі бок закліча Еўразвяз надаваць увагу не толькі ўнутраным рэактарам, але і тым, якія будуць знаходзіцца побач з межамі ЕЗ.