Пётр Пракаповіч запанікаваў
- 22.03.2011, 20:05
Замест рэальных крокаў па нармалізацыі становішча з валютай кіраўнік Нацбанка працягвае абяцаць.
На гэты раз Пётр Пятровіч паабяцаў «у бліжэйшы час» адмяніць ўведзенае 6 дзён таму 30-дзённае рэзерваванне сродкаў для куплі валюты, якое паралізавала валютны рынак Беларусі. Аб гэтым Пракаповіч заявіў агенцтву БелТА сёння.
«Ніякіх пытанняў у часткі насельніцтва быць не павінна: мы не мяняем правілы куплі/продажу валюты, мы не мяняем ўмовы, не ўводзім ніякіх валютных абмежаванняў. І ніякіх новых валютных абмежаванняў у бліжэйшы час не будзе, - сказаў Пётр Пракаповіч. - Мы, наадварот, сёння-заўтра прымем рашэнне аб зняцці нашых абмежаванняў па рэзерваванні сродкаў для куплі валюты».
Нагадаем, у адпаведнасці з рашэннем праўлення ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» з 16 сакавіка 2011 года тэрмін рэзервавання сродкаў у беларускіх рублях на куплю замежнай валюты на біржавых таргах быў павялічаны да 30 каляндарных дзён. Адпаведны ліст быў накіраваны ў беларускія банкі 15 сакавіка. Пасля ўвядзення фактычнай забароны на куплю валюты на біржы юрыдычнымі асобамі, курс даляра па дачыненні да беларускага рубля на «шэрым» рынку узляцеў да 3750 рублёў.