Правакацыі рыхтаваліся яшчэ да Плошчы
- 24.03.2011, 1:43
Судовы працэс на Дашкевічам і Лобавым стаў сведчаннем таго, што аперацыя па жорсткім разгоне Плошчы рыхтавалася загадзя.
Суддзя Алена Шылько спыніла разгляд справы Зміцреа Дашкевіча і Эдуарда Лобава. На працягу ночы яна будзе вызначацца з пакараннем моладзевым актывістам.
Але ў гутарцы з «Еўрарадыё» бацька Зміцера Вячаслаў Дашкевіч паведаміў, што не спадзяецца на апраўдальны прысуд сыну.
«Не спадзяюся. Можа быць трохі паменшаць, але наколькі мне вядома, гэты артыкул прадугледжвае ад 3 гадоў пакарання і да 10. Усе замоўлена! Самая грубая памылка, на якую не звярнулі ні пракурор, ні адвакаты ўвагі - тое, што міліцыянты адразу вызначылі, хто вінаваты, а хто мае рацыю. Гэта можа вырашыць толькі суд! Трэба было ўсіх затрымаць, пасадзіць, дапытаць, судзіць і ўсталяваць: хто мае рацыю, а хто - вінаваты. Гэта самая вялікая памылка. Адсюль і ўсе астатнія», - лічыць бацька палітвязня.
У той жа час бацька кажа, што Зміцер трымаецца добра і сваё апошняе слова казаў шчыра і казаў праўду. Хоць, лічыць Вячаслаў Дашкевіч, сваімі словамі хлопец «дражніў гусей».
Прысутнічаў у зале суда сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Аляксей Шэін. Па словах палітыка, судовы працэс на Дашкевічам і Лобавым стаў сведчаннем таго, што аперацыя па жорсткім разгоне Плошчы рыхтавалася загадзя, а не стала вынікам эмоцый Аляксандра Лукашэнкі.
«Гэта справа кажа аб тым, што рашэнне аб сілавым развіцці падзей, пра рэпрэсіі было прынятае да дня выбараў. Бо, па сутнасці, 18 чысла мы ўжо бачым, што хлопцаў затрымалі, ім было прад'яўленае абвінавачванне па крымінальным артыкуле. І можна сказаць, што ўжо 18 чысла, за дзень да выбараў, з'явіліся два палітвязні. Чаго не было два гады перад выбарамі. Сітуацыя рэзка памянялася, як мы бачым, за дзень да выбараў. І гэта кажа аб тым, што ўлады прынялі рашэнне аб сілавым варыянце ў дачыненні апазіцыянераў падчас і пасля выбараў», - лічыць апазіцыянер.
Нагадаем, што абвінаваўца лічыць віну Дашкевіча і Лобава цалкам даказанай і патрабуе першаму 3 гады пакарання, а другому - 5. У сваю чаргу, адвакаты моладзевых актывістаў лічаць, што віна хлопцаў не даказаная і просяць іх апраўдаць. Суддзя агучыць сваё рашэнне 24 сакавіка ў 11 гадзін.