Банкі абмежавалі валютныя разлікі па карт-рахунках у беларускіх рублях
- 24.03.2011, 11:55
Шэраг сярэдніх беларускіх банкаў абвясціў аб часовых абмежаваннях на валютныя разлікі па карт-рахунках у беларускіх рублях.
Так, «БелСвісБанк» на сваім сайце праінфармаваў, што «часова разлікі па пластыкавых картках БелСвісБанк, эмітаваных у беларускіх рублях, на дадзены момант здзяйсняюцца толькі ў валюце карт-рахунку», перадае «Інтэрфакс Захад».
ААТ «Банк Масква-Мінск» (даччыны банк Банка Масквы) паведаміла аб «вымушаным» увядзенні з 24 сакавіка абмежаванняў на здзяйсненне аперацый па картках, адкрытым да рахункаў у беларускіх рублях: аперацыі па картках банка на тэрыторыі Беларусі ажыццяўляюцца толькі ў валюце рахунку, то бок у беларускіх рублях, а па аперацыях за межамі Беларусі банк усталяваў дзённай ліміт да $500».
Банк таксама прыпыніў аперацыі, якія ажыццяўляюцца з выкарыстаннем аддаленых каналаў сувязі (праз Інтэрнэт) за межамі Беларусі.
ЗАТ «РРБ-Банк» таксама паінфармавала кліентаў-трымальнікаў картак у беларускіх рублях аб часовым абмежаванні з 23 сакавіка 2011 пры правядзенні аперацый у замежнай валюце на тэрыторыі Беларусі, а таксама ў сетцы Інтэрнэт.
ЗАТ «Мінскі транзітны банк» паведаміла, што часова прыпынена папаўненне карт-рахункаў у замежнай валюце беларускімі рублямі (наяўнымі і безнаяўнымі) і зняцце валюты з карт-рахункаў у беларускіх рублях. Аперацыі па рублёвых картках банка за мяжой праводзяцца без абмежаванняў у любой валюце.
Буйныя банкі пакуль не ўводзілі аналагічных абмежаванняў.
Аднак у колл-цэнтрах Белінвестбанка, Прыёрбанка, Белаграпрамбанка пацвярджаюць магчымасць правядзення аперацый па адкрытых ў беларускіх рублях картках міжнародных сістэм за мяжой толькі «на сёння» і не гарантуюць, што такая магчымасць захаваецца ў перспектыве, спасылаючыся на адсутнасць інфармацыі.
Банкі таксама пацвярджаюць адсутнасць магчымасці зняцця ў банкаматах замежнай валюты з картак ў беларускіх рублях.
Як паведамлялася, з 22 сакавіка Нацбанк Беларусі адмовіўся прадаваць валюту камерцыйным банкам для падмацавання аперацый з насельніцтвам. Між тым, у Беларусі захоўваецца высокі попыт на замежную валюту з боку фізічных асоб.